18 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прапановы па карэкціроўцы Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2016-2020 гады будуць падрыхтаваны ў студзені. Аб гэтым заявіў міністр эканомікі Уладзімір Зіноўскі ў эфіры тэлеканала "Беларусь 1", паведамляе БЕЛТА.
Уладзімір Зіноўскі адзначыў: "Разумеючы, што 2016 год будзе вельмі няпростым, мы крыху скарэкціруем і ўсю пяцігодку. Думаю, праз тыдзень, можа, крыху пазней, але прынамсі ў студзені, мы ўнясём нашы прапановы кіраўніку дзяржавы для разгляду".
Пры гэтым міністр звярнуў увагу на сацыяльную арыентаванасць праграмы, запэўніўшы, што нават у выпадку ўразання датацый для рэальнага сектара эканомікі не пацерпяць такія сферы, як адукацыя і ахова здароўя, захаваецца сацыяльная абарона для малазабяспечаных грамадзян, пенсіянераў. "Мы працуем з 20 дзяржаўнымі праграмамі, каб іх увязаць з праграмай пяцігодкі. Адпрацавалі прыкладна 70 балансаў попыту і прапанавання па таварах і таварных групах і бачым, як будзе развівацца эканоміка", - сказаў ён.
Гаворачы аб інфляцыі на 2016 год, Уладзімір Зіноўскі паведаміў, што яна не перавысіць 17-18 працэнтаў. "Мы гатовы да пэўных пераўтварэнняў, падтрымкі нашых прадпрыемстваў, але тым не менш мы завязаны на эканоміку нашых суседзяў, у тым ліку Расійскай Федэрацыі", - канстатаваў ён.
"Калі барэль нафты на сённяшні дзень каштуе амаль $30 і курс расійскага рубля - за 75 да долара, то мы разумеем, што тая інфляцыя, якая прагназавалася пры іншых курсах на 2016 год, наўрад ці можа збыцца. На сёння мы можам гаварыць, што інфляцыя будзе выражана двухзначнай лічбай. Якая яна будзе - 14 працэнтаў або 15 працэнтаў - складана сказаць. Мы робім пэўныя разлікі. Але думаю, што не будзе больш за 17-18 працэнтаў. Урад разам з Нацыянальным банкам працуе ў гэтым напрамку", - дадаў міністр эканомікі.