27 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэм'ер-міністр Беларусі Раман Галоўчанка на пасяджэнні Савета Міністраў Саюзнай дзяржавы ў Маскве расказаў аб прыярытэтных напрамках развіцця супрацоўніцтва з Расіяй, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
Захаванне дасягнутай дынамікі прыросту ў двухбаковым гандлі і выкананне задач, пастаўленых кіраўнікамі Беларусі і Расіі, патрабуюць прыняцця дадатковых мер, накіраваных на адмену фактараў, якія стрымліваюць узаемныя пастаўкі тавараў, выраўноўванне ўмоў дзейнасці прадпрыемстваў дзвюх краін і ліквідацыю астатніх бар'ераў і абмежаванняў, упэўнены Раман Галоўчанка.
"Неабходна паскорыць рэалізацыю падпісаных міжурадавых пагадненняў аб адзінай прамысловай палітыцы і прызнанні тэхналагічных аперацый у рамках Саюзнай дзяржавы. Яны накіраваны ў першую чаргу на забеспячэнне апераджальнага развіцця і ўстойлівага росту прамысловасці Беларусі і Расіі. На наш погляд, трэба актывізаваць работу па паглыбленні двухбаковай кааперацыі, у тым ліку ў прамысловай сферы. Для нарошчвання ўдзелу ў кааперацыйных ланцужках нашым мінпрамам трэба паскорыць распрацоўку і ўкараненне прававых механізмаў прызнання тэхналагічных аперацый. Важна не распыляць фінансы і не ствараць дубліруючыя вытворчасці, улічваючы, што Беларусь і Расія захавалі і развілі кампетэнцыі ў розных галінах прамысловасці, якія шмат у чым маюць узаемадапаўняльны характар", - адзначыў прэм'ер-міністр Беларусі.
Наступным вектарам паглыблення супрацоўніцтва Раман Галоўчанка назваў транспартна-лагістычную сферу. "Адна з асноўных прычын росту цэн на тавары - павелічэнне кошту перавозак з-за змянення ранейшых схем лагістыкі. Трэба ўзмацніць каардынацыю дзеянняў бакоў у транспартнай сферы ў адказ на ўсё большы санкцыйны націск. Пакет пагадненняў, якія падпісаны ў гэтай сферы і якія знаходзяцца ў высокай стадыі гатоўнасці, накіраваны на тое, каб мы збілі гэты цэнавы фактар", - расказаў кіраўнік беларускага ўрада.
На ўзроўні кіраўнікоў дзяржаў разгледжаны асноўныя пытанні фарміравання аб'яднаных рынкаў энергарэсурсаў Саюзнай дзяржавы. Па выніках дамоўленасцей на вышэйшым узроўні падпісаны пратакол аб цэнах на газ для Беларусі ўпершыню на тры гады, дадаў ён.
"Для ўмацавання незалежнасці нашых краін у пытаннях лічбавага развіцця неабходна актывізаваць узаемадзеянне па пытаннях імпартазамяшчэння праграмнага забеспячэння, прызнання электроннага лічбавага подпісу, забеспячэння доступу грамадзян да лічбавых платформ дзвюх краін для атрымання магчымасці карыстацца электроннымі дзяржаўнымі паслугамі і сэрвісамі", - сказаў Раман Галоўчанка.
Сённяшняе пасяджэнне адлюстроўвае імкненне ўрадаў нашых краін да ўсебаковага ўмацавання Саюзнай дзяржавы, падкрэсліў прэм'ер-міністр. "Парадак дня сустрэчы вельмі актуальны. Разлічваю, што сённяшнія дамоўленасці будуць падмацаваны далейшымі дзеяннямі ўрадаў нашых краін і рэалізаваны ў поўным аб'ёме", - рэзюмаваў ён.