25 кастрычніка, Нур-Султан /Міхаіл Маціеўскі - БЕЛТА/. Беларусь і Казахстан вызначылі прамысловую кааперацыю прыярытэтам эканамічнага супрацоўніцтва. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў сёння на сустрэчы з журналістамі па выніках перагавораў з Прэзідэнтам Казахстана Касым-Жамартам Такаевым, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"У якасці прыярытэтнага напрамку вызначылі далейшае развіццё прамысловай кааперацыі. Мы ад простага гандлю, які ў нас даволі шырока прадстаўлены і развіты, пераходзім да кааперацыйных сувязей. Сёння тут паспяхова функцыянуюць сумесныя прадпрыемствы па зборцы беларускай тэхнікі: камбайнаў, трактароў, грузавых аўтамабіляў, прычапной і навясной сельскагаспадарчай тэхнікі. Мы дамовіліся аб павелічэнні аб'ёмаў вытворчасці камбайнаў, а таксама вызначылі стратэгію далейшай работы па выпуску тэхнікі Мінскага трактарнага завода ў Казахстане", - расказаў Аляксандр Лукашэнка.
Ён адзначыў, што разам з прамысловай кааперацыяй краіны валодаюць неабходным патэнцыялам для нарошчвання эфектыўнага супрацоўніцтва ў іншых галінах эканомікі: сельскай гаспадарцы, транспарце і лагістыцы, дарожным будаўніцтве, высокіх тэхналогіях, мірным асваенні Космасу.
Традыцыйна беларускі бок цікавяць вырабляемыя ў Казахстане металы, збожжа, баваўнянае валакно, нафтапрадукты. "Як вы ведаеце, Беларусь удзяляе асаблівую ўвагу пытанню дыверсіфікацыі паставак нафты. Таму мы зацікаўлены ў імпарце гэтай сыравіны з вашай краіны", - звярнуў увагу Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка дадаў, што для Беларусі Казахстан з'яўляецца адным з асноўных партнёраў па аб'ёме тавараабароту сярод краін СНД. За апошнія гады ўзаемны гандаль значна вырас і па выніках 2018 года дасягнуў амаль $900 млн. У гэтым годзе пазітыўная дынаміка прадоўжылася. "І ўсё ж відавочна, што гэта лічба не адпавядае ні маштабам Казахстана, ні магчымасцям Беларусі. Перакананы, пераадолець сумеснымі намаганнямі планку ў памеры мільярд долараў - рэальна. І мы намецілі такія перспектывы", - сказаў кіраўнік дзяржавы.