17 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэм'ер-міністр Беларусі Раман Галоўчанка абазначыў перспектыўныя напрамкі супрацоўніцтва з Іранам у час сустрэчы з першым віцэ-прэзідэнтам гэтай краіны Махамадам Махберам у пашыраным складзе, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"У час нашай сённяшняй сустрэчы ў вузкім складзе я абазначыў пэўныя прыярытэты, якія беларускі бок бачыць у развіцці нашых сувязей. У першую чаргу гэта рэалізацыя кааперацыйных праектаў у прамысловасці", - паведаміў Раман Галоўчанка.
Паводле яго слоў, Беларусь і Іран валодаюць развітым тэхналагічным патэнцыялам. "Мы вырабляем самую шырокую наменклатуру высокатэхналагічнай прадукцыі і паспяхова замяшчаем ёю прадукцыю заходніх вытворцаў, якія пайшлі з нашых рынкаў. Лічу гэта нашай сумеснай перамогай. Аднак патэнцыял яшчэ далёка не раскрыты. Неабходна ў тэрміновым парадку ўзмацніць работу па развіцці імпартазамяшчэння. Выказваем удзячнасць нашым іранскім партнёрам за хуткую рэакцыю і чуласць па пытаннях двухбаковага супрацоўніцтва", - адзначыў прэм'ер-міністр.
Таксама Раман Галоўчанка звярнуў увагу на такую сферу супрацоўніцтва, як адукацыя. "Вучоба іранскіх аспірантаў і студэнтаў у Беларусі заўсёды была значным фактарам ва ўмацаванні не толькі нашых адукацыйных сувязей, але і чалавечых. Для таго каб мы змаглі павялічыць колькасць студэнтаў і аспірантаў, якія навучаюцца, я хацеў бы звярнуцца да вас з просьбай паскорыць прыняцце адпаведнага міжурадавага пагаднення па ўзаемным прызнанні дакументаў аб адукацыі", - сказаў кіраўнік беларускага ўрада.
Тыдзень таму ў Тэгеране адбылося 16-е пасяджэнне сумеснай беларуска-іранскай камісіі па пытаннях эканамічнага супрацоўніцтва. "Многія пытанні былі абмеркаваны, многія рашэнні прыняты. Сёння прапаную шэраг найбольш важных пытанняў, у тым ліку якія абмяркоўваліся ў рамках гэтай камісіі, яшчэ раз абмеркаваць на нашым узроўні", - дадаў Раман Галоўчанка.
"Мы разглядаем ваш візіт як ключавы этап у падрыхтоўцы да візіту ў Беларусь Прэзідэнта Ісламскай Рэспублікі Іран у наступным годзе, - адзначыў прэм'ер-міністр. - Мы нацэлены на доўгатэрміновае супрацоўніцтва з Іранам у палітычнай, гандлёва-эканамічнай, гуманітарнай і іншых сферах".