11 жніўня, Мінск /Таццяна Лісатовіч - БЕЛТА/. Праект дарожнай карты развіцця адносін Беларусі і Пакістана плануецца ўзгадніць у кастрычніку 2015 года. Аб гэтым дамовіліся сёння ў ходзе сустрэчы ў Мінску прэм'ер-міністр Беларусі Андрэй Кабякоў і прэм'ер-міністр Пакістана Наваз Шарыф, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Як паведамлялася, напярэдадні было прынята рашэнне аб падрыхтоўцы дарожнай карты развіцця супрацоўніцтва бакоў на кароткатэрміновую і доўгатэрміновую перспектыву. "Я прапаную вызначыць, што адказнымі за падрыхтоўку праекта гэтага дакумента будуць сустаршыні сумеснай камісіі. Калі вы не супраць, мы прапанавалі б ім да канца верасня вызначыць канкрэтныя напрамкі супрацоўніцтва партнёраў з кожнага з бакоў і ў кастрычніку 2015 года падрыхтаваць і прадставіць на зацвярджэнне ўрадаў узгоднены дакумент", - сказаў Андрэй Кабякоў. Наваз Шарыф падтрымаў гэту прапанову.
Беларускі прэм'ер адзначыў, што прапанаваны графік вельмі інтэнсіўны, паколькі бакам яшчэ давядзецца правесці вялікую работу. Аднак з улікам тых асноў, якія былі закладзены пасля візіту Прэзідэнта Беларусі ў Пакістан, работы ў ходзе цяперашняга візіту пакістанскай дэлегацыі не ўзнікае сумненняў, што часу дастаткова для таго, каб падрыхтаваць "грунтоўны паўнацэнны дакумент", лічыць Андрэй Кабякоў.
У ходзе сённяшняй сустрэчы ў беларускім урадзе бакі абмеркавалі ўзаемадзеянне ў галіне фармацэўтыкі, супрацоўніцтва ў сферы нафта- і газаздабычы, наладжвання паветраных зносін. Акрамя таго, Андрэй Кабякоў нагадаў, што ў ходзе майскага візіту Аляксандра Лукашэнкі ў Пакістан бакі стварылі ўмовы для паўнацэннага развіцця двухбаковага ўзаемадзеяння ў прамысловай кааперацыі і сельскай гаспадарцы. У сувязі з гэтым ён прапанаваў пакістанскаму боку на пастаяннай аснове праводзіць работу па збліжэнні пазіцый у гэтых сферах. Эфектыўнай перагаворнай пляцоўкай у сумеснай камісіі маглі б стаць пасяджэнні рабочых груп па прамысловасці і сельскай гаспадарцы.
Не засталася ўбаку сёння і ўзнятая напярэдадні тэма аб магчымасці супрацоўніцтва Беларусі і Пакістана шляхам стварэння трохвугольніка Мінск - Пекін - Ісламабад у рамках пакістана-кітайскага эканамічнага калідора. Андрэй Кабякоў адзначыў, што ў Беларусі ёсць вопыт удзелу ў буйных інфраструктурных праектах (у Венесуэле, Туркменістане). У сувязі з гэтым прапануецца стварыць у сумеснай беларуска-пакістанскай камісіі спецыяльную рабочую групу па ацэнцы магчымасці ўдзелу беларускага боку ў праекце пакістана-кітайскага эканамічнага калідора.
Наваз Шарыф у сваю чаргу падзякаваў беларускаму боку за цёплы прыём, падзяліўся ўражаннямі ад знаходжання ў нашай краіне. Ён з задавальненнем канстатаваў, што дзякуючы ініцыятыве кіраўніка беларускай дзяржавы на працягу апошніх трох месяцаў бакам удалося прыкметна актывізаваць двухбаковыя ўзаемаадносіны.