24 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Па выніках біржавых таргоў у студзені - красавіку сума здзелак, заключаных прадпрыемствамі Тульскай вобласці на Беларускай універсальнай таварнай біржы (БУТБ), павялічылася ў 5,6 раза да аналагічнага перыяду мінулага года. Высокую дадатную дынаміку забяспечылі продажы металапрадукцыі і імпартазамяшчальных тавараў тульскай вытворчасці: чыгуну, жалезнага парашку, транзістараў, рэле, клемных калодак і пераключальнікаў. Аб гэтым расказаў намеснік начальніка ўпраўлення знешнеэканамічнай дзейнасці БУТБ Герман Пузырны ў ходзе сустрэчы з дзелавымі коламі Тульскай вобласці, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе біржы.
На думку прадстаўніка біржы, важную ролю ў далейшым развіцці біржавога гандлю паміж Беларуссю і Тульскай вобласцю можа адыграць тульскі рэгіянальны фонд "Цэнтр падтрымкі прадпрымальніцтва", які ў красавіку бягучага года атрымаў статус брокера БУТБ.
"Аб'ём біржавога тавараабароту залежыць ад двух фактараў - колькасці ўдзельнікаў таргоў і іх актыўнасці ў час гандлёвых сесій. Брокер здольны ўплываць на абодва гэтыя паказчыкі, прыцягваючы на біржу новых кліентаў і садзейнічаючы заключэнню здзелак. У сувязі з гэтым мы ўскладаем вялікія надзеі на нашага брокера ў Тульскай вобласці, які мае шырокую сетку кантактаў у прадпрымальніцкім асяроддзі і ўжо вядзе перагаворы з 7-ю прадпрыемствамі, зацікаўленымі ў рабоце на беларускім рынку", - адзначыў Герман Пузырны.
Паводле інфармацыі прэс-службы БУТБ, прыярытэтнымі напрамкамі супрацоўніцтва з Тульскай вобласцю ў сферы біржавога гандлю з'яўляюцца пастаўкі прадукцыі чорнай металургіі, электратэхнічных вырабаў і кармавых дабавак у Рэспубліку Беларусь, а таксама экспарт беларускіх прадуктаў харчавання - сухога малака і сметанковага масла. На сённяшні дзень на БУТБ акрэдытаваны 31 суб'ект гаспадарання з расійскага рэгіёна.