1 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Вытворцы тавараў лёгкай прамысловасці прапануюць перагледзець правілы гульні на рынку з-за сітуацыі з пандэміяй новага каранавіруса. Размова аб гэтым ішла ў прэс-цэнтры БЕЛТА ў час чарговага пасяджэння праекта "Экспертнае асяроддзе" - "Лёгкая прамысловасць Беларусі: выклікі і рызыкі".
Генеральны дырэктар ААТ "Баранавіцкае вытворчае баваўнянае аб'яднанне" ("Блакіт") Іван Турчак не выключыў, што ў існуючых умовах у беларускіх вытворцаў з'явіцца больш магчымасцей, каб заняць новыя нішы. У той жа час ён звярнуў увагу, што сусветны рынак тавараў легпрама з-за сваёй спецыфікі "будзе вельмі хутка падаць і вельмі марудна аднаўляцца". "І зразумела, што ў гэтай сітуацыі, напэўна, правілы гульні на рынку трэба было б у гэты перыяд перагледзець", - лічыць ён. Сёння, паводле слоў гендырэктара БВБА, патрэбнасць у гэтым адчуваюць у першую чаргу вытворцы, часткова рытэйл. "Калі ў гэтай сітуацыі мы будзем ставіцца да ўласнага рынку, як ставіліся да гэтага, у тым ліку ў частцы сэканд-хэнду, кантрафактнага тавару, то, напэўна, у перыяд зніжэння попыту многім добрасумленным вытворцам будзе вельмі цяжка", - выказаў меркаванне ён.
Так, яшчэ да сітуацыі з COVID-19 на беларускім рынку стала з'яўляцца даволі шмат кантрафактнай прадукцыі, у тым ліку з краін Сярэдняй Азіі. Гэтыя тавары не адпавядаюць тэхнічным рэгламентам Мытнага саюза і на тэрыторыю Беларусі трапляюць, як правіла, з Расіі. Што да сэканд-хэнду, то вытворцы адзення заяўляюць аб неабходнасці ўстанавіць аднолькавыя правілы і ў тым, што датычыцца выканання стандартаў бяспекі (так, з некаторага часу дэзынфекцыя гэтых рэчаў перайшла ў разрад рэкамендацый), і ў частцы выплаты мытных плацяжоў. Некаторыя магазіны сэканд-хэнду, карыстаючыся прававым прабелам, гандлююць не ношанымі, а стокавымі, па сутнасці, новымі рэчамі, канстатавалі спецыялісты.