3 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Рэнтабельнасць прадпрыемстваў холдынга арганізацый дрэваапрацоўчай прамысловасці ААТ "Банк развіцця Рэспублікі Беларусь" за 8 месяцаў бягучага года склала 13,5 працэнта, расказала выканаўчы дырэктар банка Ірына Канепа ў новым выпуску спецыяльнага праекта "На кантролі Прэзідэнта" на тэлеканале "Беларусь 1", паведамляе БЕЛТА.
У 2007 годзе кіраўнік дзяржавы прыняў рашэнне аб мадэрнізацыі асноўнай базы дрэваапрацоўчых прадпрыемстваў канцэрна "Беллеспаперапрам" і стварэнні новых сучасных вытворчасцей, арыентаваных на выпуск інавацыйнай і імпартазамяшчальнай прадукцыі. Базавымі сталі дзевяць заводаў.
Актывы базавых прадпрыемстваў дрэваапрацоўкі, акрамя ААТ "Івацэвічдрэў", былі перададзены ў аператыўнае кіраванне Банку развіцця для рэгулявання фінансавых пытанняў. Потым прадпрыемствы былі аб'яднаны ў холдынг арганізацый дрэваапрацоўчай прамысловасці. Пры гэтым яны засталіся ў складзе канцэрна "Беллеспаперапрам". "У 2017 годзе прадпрыемствы падвоілі экспарт на рынкі еўрапейскіх краін. Па выніках васьмі месяцаў 2018 года экспарт узрос на 50 працэнтаў. Рэнтабельнасць па выніках работы за гэты перыяд склала 13,5 працэнта. Мы можам з упэўненасцю сказаць, што асноўны перыяд крызісу імі пройдзены", - сказала Ірына Канепа.
Адно з мадэрнізаваных прадпрыемстваў - ААТ "Барысаўдрэў". "Мы ўпершыню за апошнія шэсць гадоў атрымалі станоўчы фінансавы вынік ад рэалізацыі прадукцыі. У гэтым годзе ў 1,6 раза павялічылі аб'ёмы вытворчасці, нарасцілі аб'ёмы адгружаемай прадукцыі на экспарт. Пастаўкі ідуць у 19 краін свету", - адзначыў генеральны дырэктар прадпрыемства Генадзь Сысоеў.