1 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Беларусь у Турэцкай Рэспубліцы Віктар Рыбак прыняў удзел у адкрыцці і рабоце Міжнароднай выстаўкі валокнаў і пражы International Istanbul Yarn Fair, якая адбылася ў Стамбуле. Аб гэтым карэспандэнту расказалі ў пасольстве нашай краіны ў Турэцкай Рэспубліцы.
"Падчас візіту кіраўніка беларускай дыпламатычнай місіі ў Стамбул былі праведзены сустрэчы з кіраўніцтвам беларускіх прадпрыемстваў канцэрна "Белнафтахім", што ўдзельнічалі ў гэтай міжнароднай экспазіцыі, і іх турэцкімі партнёрамі", - гаворыцца ў паведамленні дыпмісіі нашай краіны.
На праведзеных перагаворах бакі падрабязна разгледзелі вынікі экспарту прадукцыі нафтахімічнай галіны з Рэспублікі Беларусь на турэцкі рынак у 2021 годзе. Як звярнулі ўвагу ў пасольстве, размова ішла таксама аб перспектывах паставак беларускай прадукцыі ў Турэцкую Рэспубліку на 2022 год.