4 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прадпрыемствы "Беллеспаперапрама" ў студзені-лістападзе 2020 года павялічылі экспарт амаль на 4 працэнты ў параўнанні з аналагічным перыядам 2019-га, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе канцэрна.
"За 11 месяцаў 2020 года арганізацыі "Беллеспаперапрама" паставілі на рынкі 70 краін прадукцыю на $550,8 млн, што на 3,9 працэнта больш, чым за студзень-лістапад 2019 года. Пры гэтым у выніку прынятых мер па дыверсіфікацыі рынкаў збыту экспарт у краіны далёкага замежжа вырас на 10,5 працэнта да $276,4 млн, пастаўкі ў дзяржавы ЕС павялічыліся на 2,4 працэнта да $192,8 млн", - расказалі ў прэс-службе.
Экспарт у Расію, якая з'яўляецца буйнейшым для прадпрыемстваў канцэрна рынкам, вырас на 2,9 працэнта да $174,7 млн. У ліку найбольш буйных рынкаў збыту для прадукцыі арганізацый "Беллеспаперапрама" таксама Польшча ($80,8 млн), Кітай ($60 млн), Украіна ($57,7 млн) і Літва ($36,8 млн).
"З агульнага аб'ёму вырабленай прадукцыі на экспарт прадпрыемствы канцэрна паставілі 76 працэнтаў тавараў. Гэта самая высокая доля за ўвесь час іх экспартнай дзейнасці", - адзначылі ў прэс-службе.
На знешнія рынкі прадпрыемствы "Беллеспаперапрама" пастаўляюць больш за 50 відаў рознай прадукцыі. У аснове экспарту драўняныя пліты, мэбля, цэлюлоза, фанера, папера і кардон. Добрым попытам таксама карыстаюцца піламатэрыялы, вокны, дзверы, будаўнічыя канструкцыі, шпалеры, прадукцыя лесахіміі.