28 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прадпрыемствы "Беллегпрама" да новага навучальнага года вырабілі 1,15 млн школьных вырабаў, тэмп росту склаў каля 120 працэнтаў. Аб гэтым расказала старшыня канцэрна "Беллегпрам" Таццяна Лугіна, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
Каля 30 арганізацый краіны, у тым ліку прадпрыемствы канцэрна "Беллегпрам", забяспечваюць вытворчасць і пастаўку адзення дзелавога стылю, трыкатажных, скургалантарэйных вырабаў і абутку для школьнікаў. "Мы вырабілі 1,15 млн школьных вырабаў. Тэмп росту - каля 120 працэнтаў. Да 1 жніўня больш за 80 працэнтаў запланаваных таварных пазіцый былі выраблены і размешчаны ў гандлёвых аб'ектах або на складах прадпрыемстваў. А да 22 жніўня завяршылі выраб школьнага адзення ў планавым заказе", - заявіла Таццяна Лугіна.
Да новага навучальнага года асартыментныя калекцыі трыкатажных і швейных вырабаў абноўлены больш як на 70 працэнтаў. "Гэты год мы прайшлі даволі паспяхова. З кастрычніка мінулага года цесна працавалі з Міністэрствам адукацыі, МАРГ. Некалькі разоў праводзілі маніторынг сітуацыі на рынку, апытвалі бацькоў, школьнікаў, вызначалі пажаданні як па асартыментных пазіцыях, так і па каляровых блоках. У цэлым да новага навучальнага года лёгкая прамысловасць задаволіла попыт усіх жадаючых", - падкрэсліла кіраўнік канцэрна.
Што датычыцца экспарту школьных тавараў, паводле яе слоў, на рынак Расійскай Федэрацыі пайшло больш за 300 тыс. вырабаў рознай катэгорыі. У асноўным гэта штаны і касцюмы для хлопчыкаў, сарафаны для дзяўчынак, камізэлькі.