28 ліпеня, Віцебск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь і Пскоўская вобласць па выніках мінулага года павялічылі ўзаемны тавараабарот на 21 працэнт. Аб гэтым журналістам на пасяджэнні рабочай групы па супрацоўніцтве Беларусі і Пскоўскай вобласці Расіі заявіў намеснік прэм'ер-міністра Ігар Петрышэнка, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Ігар Петрышэнка адзначыў, што ўзаемадзеянне з партнёрамі з Пскоўскага рэгіёна знаходзіцца ў актыўнай фазе і вядзецца па ўсіх напрамках. "Пскоўская вобласць - наш сусед. І нас звязваюць не толькі трывалыя эканамічныя, навукова-тэхнічныя, але і чалавечыя, культурныя сувязі, узаемадзеянне па лініі нашых маладзёжных структур. Вядома ж, індыкатарам нашага ўзаемадзеяння з'яўляецца ўзровень тавараабароту. Пасля візіту Міхаіла Юр'евіча (Вядзернікава, губернатара Пскоўскай вобласці. - Заўвага БЕЛТА) у Рэспубліку Беларусь у 2020 годзе быў прыняты адпаведны план на 2020-2023 гады, дзе мы штогод падводзім вынік. Хачу сказаць, што па выніках мінулага года мы павялічылі наш узаемны тавараабарот на 21 працэнт, ён дасягнуў амаль $190 млн - гэта самы высокі паказчык за наша ўзаемадзеянне ў гэтай сферы. Актыўна мы ідзём у бягучым годзе, крыху адстаём, працэнтаў на 8-9. Думаю, сённяшняе пасяджэнне надасць дадатковы імпульс", - сказаў Ігар Петрышэнка.
Бакі маюць намер разгледзець увесь спектр узаемадзеяння. "Мы вельмі задаволены, што пастаўляюцца шасі МАЗ на Велікалуцкае прадпрыемства, дзе на іх базе збіраецца адпаведная тэхніка. Гэта наш сумесны праект, пастаўлена ўжо больш за 40 адзінак. Агульная сума перавысіць 80 адзінак нашай тэхнікі. Мы актыўна развіваем (супрацоўніцтва. - Заўвага БЕЛТА) у сферы сельскай гаспадаркі, абменьваемся і тэхналогіямі, і падыходамі, - дадаў намеснік прэм'ер-міністра. - У нас таксама ёсць сумесныя праекты ў сферы будаўніцтва. І мы рады, што вельмі актыўна развіваюцца міжрэгіянальныя прамыя сувязі. Амаль год таму Дні Віцебскай вобласці прайшлі ў Пскове, цяпер - Дні ў адказ. Вельмі вялікая дэлегацыя, па ўсіх напрамках і ва ўсіх сферах (прыехала ў Беларусь з Пскоўскай вобласці. - Заўвага БЕЛТА). Групы бізнесу працуюць па адпаведных напрамках, актыўна ўзаемадзейнічаюць гарады".
Сёння бакі падпісваюць пагадненне аб прыгранічным супрацоўніцтве паміж Віцебскам і муніцыпальным утварэннем "Горад Пскоў". Таксама Ігар Петрышэнка анансаваў падпісанне іншых дакументаў.
"Па выніках пасяджэння плануецца падпісанне дакумента на чарговыя тры гады - план нашых сумесных дзеянняў па рэалізацыі пагаднення паміж урадам Рэспублікі Беларусь і адміністрацыяй Пскоўскай вобласці аб эканамічным, навукова-тэхнічным, культурным супрацоўніцтве. Гэта канкрэтныя напрамкі ва ўсіх сферах. Думаю, гэта наша работа дасць магчымасць нам развіваць і інвестыцыйную, і эканамічную, і вытворчую кааперацыю, і супрацоўніцтва ў сферах турызму, адукацыі, навукі, культуры і так заванай народнай дыпламатыі, - падкрэсліў ён. - І ўлады робяць усё, каб і транспартныя зносіны былі камфортнымі для нашых людзей. Запушчаны авіяцыйны рэйс з Пскова ў Мінск два разы ў тыдзень - гэта была ініцыятыва губернатара. Думаю, гэты праект дасць магчымасць жыхарам Пскоўскай вобласці больш даведацца пра Рэспубліку Беларусь, а жыхарам нашай краіны - пра Пскоўскую вобласць".
Сустрэча рабочай групы па супрацоўніцтве Беларусі і Пскоўскай вобласці Расіі - частка праграмы Дзён Пскоўскай вобласці ў Віцебску. Дзелавыя культурныя і маладзёжныя падзеі пройдуць у горадзе 28-30 ліпеня.