20 верасня, Масква /Эдуард Півавар - БЕЛТА/. Пытанні далейшага ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва Беларусі і Татарстана ў рамках расійска-беларускіх адносін абмеркаваны на сустрэчы прэзідэнта Рэспублікі Татарстан РФ Рустама Мініханава з Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Беларусі ў Расіі Ігарам Петрышэнкам, якая адбылася сёння ў Казані. Аб гэтым паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе беларускай дыпмісіі.
Размова на сустрэчы ішла таксама аб рэалізацыі сумесных праектаў.
Па выніках 2015 года знешнегандлёвы абарот Беларусі і Татарстана склаў $878,3 млн, з іх пастаўкі ў Беларусь - $676,9 млн, экспарт у Татарстан - $201,4 млн. Асноўнымі напрамкамі двухбаковага супрацоўніцтва традыцыйна з'яўляюцца машынабудаванне, сельгасмашынабудаванне і вытворчасць спецтэхнікі, нафтагазахімія, тэкстыль, фармацэўтыка, сельская гаспадарка і пастаўкі прадуктаў харчавання.