18 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/.
Перспектывы паставак беларускай тэхнікі абмеркаваны ў час рабочага візіту дэлегацыі Беларусі пад кіраўніцтвам намесніка міністра замежных спраў Андрэя Дапкюнаса ў Інданезію, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе МЗС Беларусі.Андрэй Дапкюнас сустрэўся з кіраўніцтвам гандлёвага дома ААТ "БелАЗ" і інданезійскім партнёрам прадпрыемства. У час перагавораў абмяркоўвалася рэалізацыя праекта па пастаўцы 40 кар'ерных самазвалаў у Інданезію і перспектывы новых паставак беларускай тэхнікі.
Намеснік міністра таксама правёў сустрэчу з кіраўніцтвам Савета рэгіянальных прадстаўнікоў Народнай кансультатыўнай асамблеі. Бакі разгледзелі шляхі развіцця беларуска-інданезійскага міжпарламенцкага ўзаемадзеяння, абмеркавалі абмен візітамі на ўзроўні кіраўнікоў верхніх палат парламентаў, умацаванне палітычных кантактаў і пашырэнне эканамічнага супрацоўніцтва.
У час візіту беларускай дэлегацыі ў Джакарце пад эгідай гандлёва-прамысловых палат абедзвюх краін адбыўся беларуска-інданезійскі бізнес-форум. На мерапрыемстве быў прэзентаваны гандлёва-эканамічны і інвестыцыйны патэнцыял Беларусі, экспартныя магчымасці вядучых прадпрыемстваў краіны, у тым ліку Беларускай калійнай кампаніі, БелАЗа, МТЗ, "Белшыны", МАЗа, Беларускага нафтавага гандлёвага дома, Верхнядзвінскага масласырзавода.
Праведзены перагаворы паміж прадстаўнікамі дзелавых колаў Беларусі і Інданезіі аб устанаўленні і развіцці ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва. Па выніках форуму дасягнуты дамоўленасці аб нарошчванні двухбаковага гандлю.