5 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Перспектыўныя ў Беларусі інвестыцыйныя праекты прадставіць Нацыянальнае агенцтва інвестыцый і прыватызацыі (НАІП) на першай кітайскай міжнароднай выстаўцы імпартных тавараў і паслуг China International Import Expo, якая сёння адкрылася ў Шанхаі і прадоўжыцца да 10 лістапада, паведамляе БЕЛТА са спасылкай на сайт агенцтва.
НАІП будзе штодзень праводзіць прэзентацыі аб інвестыцыйным клімаце, умовах вядзення бізнесу ў Беларусі, аб перспектыўных пляцоўках і праектах для інвесціравання.
Агенцтва таксама выступіць мадэратарам інвестыцыйнай секцыі беларуска-кітайскага форуму, які пройдзе 7 лістапада. У праграме форуму секцыі "Экспартны і інавацыйны патэнцыял Беларусі", "Прывабнасць турыстычных, адукацыйных і медыцынскіх паслуг Беларусі".
У час выстаўкі больш за 80 беларускіх кампаній прадставяць свае экспартныя магчымасці ў сферах гандлю, інвестыцый, інавацый, аховы здароўя, турызму, культуры і адукацыі. Агульная выставачная плошча беларускіх стэндаў складае 778 кв. м.
Выстаўка імпартных тавараў і паслуг у Шанхаі будзе праходзіць у самым вялікім у свеце выставачным комплексе, агульная плошча якога складае амаль 1,5 млн кв. м. У China International Import Expo прымуць удзел больш за 2,8 тыс. кампаній са 130 краін. Мяркуецца, што колькасць аптовых пакупнікоў дасягне 150 тыс. Арганізатары форуму - Міністэрства камерцыі КНР і народны ўрад Шанхая. Мерапрыемства праводзіцца пад эгідай Сусветнай гандлёвай арганізацыі, Арганізацыі Аб'яднаных Нацый па прамысловым развіцці.