4 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Першы кантэйнерны поезд з беларускай малочнай прадукцыяй адправіўся ў Кітай, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Поезд ідзе па маршруце Калядзічы - Туаньцзецунь (Чунцын, КНР). "Гэта далёка не першыя пастаўкі малочнай прадукцыі ў Кітай, але ўпершыню ў фармаце поўнакантэйнернага поезда. У яго саставе 41 саракафутавы кантэйнер, з якіх 20 напоўнены сухім абястлушчаным малаком беларускіх вытворцаў", - сказаў начальнік галоўнага ўпраўлення знешнеэканамічнай дзейнасці Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Аляксей Багданаў. У астатніх кантэйнерах таксама беларуская экспартная прадукцыя.
Арганізатарамі гэтага поезда выступаюць дзяржаўнае прадпрыемства "Белінтэртранс" - транспартна-лагістычны цэнтр" (БТЛЦ) Беларускай чыгункі і ЗАТ "Мяса-малочная кампанія". "Беларусь выбрала стратэгію замацавання на кітайскім рынку спачатку па сухім малацэ. Калі гандлёвая марка становіцца вядомая, тады можна заходзіць на рынак і з новай прадукцыяй. На падыходзе сметанковае масла, сыры і сыроватка", - адзначыў кіраўнік ЗАТ "Мяса-малочная кампанія" Павел Стайнаў.
Час у дарозе да канцавой станцыі складзе 10 сутак. Пры гэтым дастаўка грузаў па гэтым напрамку марскім транспартам заняла б 40 дзён. "Мы ўдзяляем асаблівую ўвагу развіццю перавозак грузаў кантэйнернымі паяздамі ў зносінах Кітай - Еўропа - Кітай. Апошнія гады намецілася дадатная дынаміка. За сем месяцаў нашым прадпрыемствам праэкспедзіравана больш за 30 тыс. кантэйнераў - гэта 115-120 працэнтаў да мінулага года", - дадаў першы намеснік генеральнага дырэктара БТЛЦ Аляксандр Янчэўскі.