5 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Энергаблок нумар 1 Беларускай атамнай станцыі з моманту ўключэння ў аб'яднаную энергасістэму краіны выпрацаваў 1,8 млрд кВт.гадз электраэнергіі. Аб гэтым паведаміў міністр энергетыкі Віктар Каранкевіч у эфіры тэлеканала "Беларусь 1", паведамляе БЕЛТА.
"З моманту ўводу і падключэння да беларускай энергасістэмы першага энергаблока атрымана каля 1 млрд 800 млн кВт.гадз. На блоку цяпер прадаўжаецца этап доследна-прамысловай эксплуатацыі, падчас якога праводзяцца адпаведныя выпрабаванні, рэгламентныя работы. Усяго з 394 выпрабаванняў выканана 309. Калі будуць паспяхова выкананы ўсе выпрабаванні, у далейшым мы пяройдзем на блоку да комплекснага апрабавання. Гэта работа на намінальнай магутнасці рэактарнай устаноўкі на працягу 15 сутак", - сказаў Віктар Каранкевіч.
Агульная гатоўнасць другога энергаблока ацэньваецца на 80 працэнтаў. "У бягучым годзе ўжо была забяспечана зборка рэактара, загрузка ў яго імітатараў цеплавыдзяляльных зборак. У бліжэйшы час плануецца пераход да наступнага падэтапу, так званай холадна-гарачай абкаткі рэактарнай устаноўкі. На працягу 2021 года плануецца таксама пастаўка свежага ядзернага паліва на другі энергаблок, яго загрузка ў актыўную зону рэактара", - сказаў міністр.
Што датычыцца інтэграцыі БелАЭС у энергасістэму, то Віктар Каранкевіч адзначыў, што ў 2020 годзе былі завершаны ўсе праекты па будаўніцтве электракатлоў, іх агульная ўстаноўленая магутнасць склала 916 мВт. Яны ўжо ўдзельнічалі ў вытворчасці цеплавой энергіі для ацяплення буйных населеных пунктаў у ацяпляльным перыядзе 2021 года. "Гэта якраз было зроблена ў перыяд правядзення доследна-прамысловай эксплуатацыі першага блока атамнай электрастанцыі", - падкрэсліў ён.
Чарговым этапам інтэграцыі БелАЭС у энергасістэму краіны стане правядзенне работ па будаўніцтве пікава-рэзервовых крыніц. Яны будуць устаноўлены на Бярозаўскай і Лукомльскай ДРЭС, Наваполацкай ЦЭЦ і Мінскай ЦЭЦ-5.
Асаблівая ўвага ўдзяляецца мадэрнізацыі электраэнергетычнай інфраструктуры. У 2020 годзе пабудавана і мадэрнізавана каля 1,9 тыс. км ліній электраперадачы рознага класа напружання. Задача па гэтым паказчыку - з 2022 года выйсці на ўзровень 2,7 тыс. км электрычных сетак за год. Размова ідзе аб іх будаўніцтве, замене, рэканструкцыі, мадэрнізацыі.
Дзякуючы будаўніцтву АЭС плануецца павысіць энергетычную бяспеку рэспублікі і знізіць залежнасць ад вуглевадароднага паліва, дадаў міністр. Паводле яго слоў, для энергакомплексу гэта прыярытэтная задача, уключаная ў праграму дзейнасці ўрада да 2025 года. Акрамя таго, з уводам атамнай станцыі выкіды парніковых газаў у атмасферу знізяцца на 7 млн т.
Віктар Каранкевіч заўважыў, што аб'ём спажывання электрычнай энергіі ў цэлым па краіне да 2025 года павялічыцца да 44 млрд кВт.гадз. У 2020 годзе гэты паказчык склаў 38 млрд кВт.гадз. Паводле яго слоў, такія прагнозы, у прыватнасці, звязаны з павелічэннем спажывання энергіі рэальным сектарам эканомікі з улікам рэалізацыі інвестыцыйных праектаў па будаўніцтве новых вытворчасцей або мадэрнізацыі дзеючых. Чакаецца, што выкананне мерапрыемстваў, уключаных у міжгаліновы комплекс мер па павелічэнні спажывання электраэнергіі да 2025 года, зацверджаны ўрадам, забяспечыць прырост спажывання электрычнай энергіі да 2,7 млрд кВт.гадз за год.
На ўзроўні Міністэрства энергетыкі ў пачатку гэтага года зацверджана комплексная праграма па павелічэнні выкарыстання электрычнай энергіі для мэт ацяплення, гарачага водазабеспячэння. "За кошт мадэрнізацыі электрычных сетак, будаўніцтва новых і мадэрнізацыі дзеючых падстанцый, а таксама ўдасканалення прававой базы мы плануем выйсці да 2025 года на павелічэнне электраспажывання ў гэтым напрамку да 900 млн кВт.гадз", - сказаў міністр.
Яшчэ адзін напрамак - гэта выкарыстанне электраэнергіі для вытворчасці цеплавой энергіі на электракатлах. На працягу 2019-2020 гадоў электракатлы сумарнай магутнасцю 836 МВт уведзены ў эксплуатацыю на 19 энергааб'ектах краіны.
Акрамя таго, вырасце спажыванне электрычнай энергіі і іншымі галінамі эканомікі з улікам прагназуемага росту ВУП, рэзюмаваў Віктар Каранкевіч.