7 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Першую беларускую тэхніку па крэдытнай лініі Афрэксімбанка плануецца паставіць у Афрыку ў ліпені, паведаміў сёння журналістам старшыня праўлення Афрыканскага экспартна-імпартнага банка Бенядзікт Арама пасля цырымоніі падпісання рамачнага пагаднення паміж ААТ "Банк развіцця Рэспублікі Беларусь" і Афрыканскім экспартна-імпартным банкам, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"У наступным месяцы мы чакаем пастаўкі самазвалаў, ачышчальнага абсталявання і трактароў. Прадукцыя будзе пастаўляцца ў такія краіны, як Сенегал, Замбія, Зімбабвэ, Тога. Але з'яўляюцца новыя магчымасці супрацоўніцтва і з іншымі краінамі кантынента, напрыклад, з Буркіна-Фасо і Паўднёвым Суданам. Мы чакаем, што кантракты на пастаўкі будуць падпісаны і з прадстаўнікамі гэтых краін", - падкрэсліў Бенядзікт Арама, каменціруючы падпісанне рамачнага пагаднення па выніках першага беларуска-афрыканскага форуму. Гэты дакумент сведчыць аб адкрыцці крэдытнай лініі на $150 млн, сродкі якой будуць накіраваны на набыццё беларускай тэхнікі для афрыканскага рынку.
Бенядзікт Арама адзначыў, што беларуска-афрыканскі форум прайшоў на вельмі высокім узроўні. "Нашай задачай было прадставіць Беларусь і яе магчымасці афрыканскім чыноўнікам, банкірам і прадстаўнікам бізнесу. Да пачатку форуму ў нас ужо былі заключаны здзелкі на суму больш за $4 млн, а на момант яго завяршэння спадзяёмся заключыць яшчэ больш кантрактаў. Мы гаворым аб супрацоўніцтве ў сферы сельскай гаспадаркі, а менавіта ў вытворчасці мяса і малака, паставак беларускіх трактароў і абсталявання", - растлумачыў ён. Афрыканскія ўдзельнікі форуму таксама зацікаўлены ў беларускай будаўнічай і здабыўной тэхніцы.
Як паведамлялася, у мінулым годзе Афрэксімбанк і Банк развіцця заключылі мемарандум аб узаемаразуменні. Пагадненне прадугледжвае сумеснае фінансаванне праектаў па пастаўках беларускай тэхнікі і абсталявання ў 41 краіну Афрыкі, уключаючы Анголу, Кенію, Зімбабвэ, Егіпет, Танзанію, Гану, Нігерыю, Замбію, Туніс. Бакі дамовіліся зарэзерваваць пэўныя ліміты сродкаў - па $400 млн, якія будуць накіраваны на актывізацыю ўзаемнага гандлю. Рамачнае пагадненне паміж ААТ "Банк развіцця Рэспублікі Беларусь" і Афрыканскім экспартна-імпартным банкам з'яўляецца фактычна пагадненнем аб адкрыцці крэдытнай лініі на $150 млн.
У перыяд правядзення аграпрамысловага тыдня "Белагра-2017" 6-7 чэрвеня праходзіць першы беларуска-афрыканскі форум з удзелам Банка развіцця і Афрыканскага экспартна-імпартнага банка. Мерапрыемства праводзіцца з акцэнтам на пашырэнне магчымасцей супрацоўніцтва ў сельскагаспадарчай і прамысловай сферах. Колькасць зарэгістраваных удзельнікаў з краін Афрыкі - больш за 70 чалавек, уключаючы міністраў сельскай гаспадаркі Анголы, Намібіі і Уганды, міністра прамысловасці Анголы, міністра фінансаў Тога, кіраўніцтва Афрыканскага экспартна-імпартнага банка, іншых банкаўскіх структур Афрыкі, прэзідэнта Нацыянальнага саюза афрыканскіх фермераў, прадстаўнікоў буйнейшых кампаній краін Афрыкі.