29 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Пермскі край зацікаўлены ў фарміраванні пагаднення аб супрацоўніцтве ў сферы лясной гаспадаркі з Беларуссю, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе Міністэрства лясной гаспадаркі.
Сёння адбылася сустрэча міністра лясной гаспадаркі Беларусі Віталя Дрожжы з намеснікам старшыні ўрада Пермскага края Аляксандрам Барысавым.
"У ліку стратэгічных задач - наладжванне больш цесных адносін, у тым ліку ў сферы бізнес-працэсаў. Нам цікава ўзяць той станоўчы вопыт, які ёсць сёння ў вас, абмяняцца бачаннем па актуальных праблемах", - сказаў Аляксандр Барысаў.
Паводле яго слоў, Пермскі край мае багатыя лясныя рэсурсы, у рэгіёне працуюць буйныя прамысловыя прадпрыемствы, а таму візіт у Беларусь аказаўся невыпадковым. Аляксандр Барысаў таксама падкрэсліў зацікаўленасць у фарміраванні пагаднення аб супрацоўніцтве ў сферы лясной гаспадаркі.
Міністр лясной гаспадаркі Віталь Дрожжа заўважыў, што цяперашнія рэаліі вымушаюць Беларусь і Расію "моцна ўзяцца за рукі" і наладзіць цесны інфармацыйны абмен.
"Бакі абмеркавалі шэраг пытанняў: пачынаючы ад вырошчвання пасадачнага матэрыялу і заканчваючы вядзеннем паляўнічай гаспадаркі. Кіраўнік дэлегацыі Пермскага края падкрэсліў, што пры фарміраванні заканадаўчай базы ў галіне вядзення паляўнічай гаспадаркі Расія ў многім абапіралася менавіта на беларускую нарматыўную базу. Асаблівая ўвага была ўдзелена вытворчаму патэнцыялу Беларусі ў сферы механізацыі лесагаспадарчай дзейнасці", - расказалі ў прэс-службе Мінлясгаса.