1 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Пензенская вобласць зацікаўлена ў тралейбусах МАЗа, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе прадпрыемства.
Мінскі аўтамабільны завод наведала дэлегацыя з Пензы на чале з намеснікам старшыні ўрада Пензенскай вобласці Аляксеем Косціным. Мэта сустрэчы - знаёмства са зборачнай вытворчасцю і камерцыйныя перагаворы для наладжвання супрацоўніцтва рэгіёна з прадпрыемствам.
"Для сябе мы вызначылі прыярытэт - развіццё электратранспарту. І хацелі б некаторыя гарадскія маршруты перавесці менавіта на тралейбусы. У нас горад рэльефны, і пракласці кантактную сетку не ўсюды ўяўляецца магчымым, таму наяўнасць у аўтапарку тралейбусаў з аўтаномным ходам спрасціла б сітуацыю", - адзначыў Аляксей Косцін.
Мінскі аўтамабільны завод - адно з буйнейшых машынабудаўнічых прадпрыемстваў, якое спецыялізуецца на выпуску велікагрузных аўтамабіляў, спецтэхнікі, аўтобусаў, тралейбусаў і прычапной тэхнікі. Прадукцыя адпавядае экалагічным стандартам Еўра-3, 4, 5 і 6. З канвеера завода сыходзяць седлавыя цягачы, бартавыя аўтамабілі, шасі пад устаноўку рознага спецабсталявання - усяго больш за 500 мадэлей і 3 тыс. мадыфікацый.