14 кастрычніка, Масква /Эдуард Півавар - БЕЛТА/. Пасол Беларусі ў Расіі Аляксандр Рагожнік правёў перагаворы з губернатарам Варонежскай вобласці Аляксандрам Гусевым, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе дыпмісіі.
З улікам пастаўленай задачы дасягнуць $1 млрд тавараабароту, пасол і губернатар абмеркавалі разгледжаныя напярэдадні на пасяджэнні рабочай групы па развіцці супрацоўніцтва Беларусі і Варонежскай вобласці рэалізуемыя праекты і новыя ініцыятывы. У прыватнасці, беларускі бок мае намер прыняць удзел у абнаўленні пасажырскага транспарту Варонежа электра- або газаматорнай тэхнікі.
Закранута тэма стварэння рэгіянальнага цэнтра беларускага прадпрыемства "Пажснаб": плануецца прапрацаваць сумесную зборачную вытворчасць, яе лакалізацыю. У сферы мікраэлектронікі абмеркавана праграма супрацоўніцтва паміж беларускімі "Інтэгралам", "Планарам" і варонежскімі прадпрыемствамі галіны. Акрамя таго, запланавана стварэнне ў Варонежы "Беларускага куточка" з таварамі лёгкай прамысловасці, а ў перспектыве - і харчовай. Улады рэгіёна ўжо прапануюць беларускаму боку канкрэтныя памяшканні.
У час візіту Аляксандр Рагожнік разам з губернатарам усклалі вянок да Вечнага агню ля Магілы Невядомага салдата на плошчы Перамогі ў Варонежы, прынялі ўдзел у цырымоніі адкрыцця арт-аб'екта, прысвечанага рускаму пісьменніку і нобелеўскаму лаўрэату, ураджэнцу Варонежа Івану Буніну. Аналагічная скульптура аўтарства беларускага мастака Аляксандра Слепава ўстаноўлена ў Віцебску, ідэя паставіць рэпліку ў Варонежы прыйшла Аляксандру Гусеву ў час XI Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі.
Пасол і губернатар таксама пабывалі на таварыскім матчы паміж камандамі "Тарпеда-БЕЛАЗ" і варонежскім "Факелам". Матч, які завяршыўся перамогай беларускіх футбалістаў, прайшоў на стадыёне "Факел": яго маштабную рэканструкцыю правялі нядаўна беларускія спецыялісты. Паводле даных прэс-службы пасольства, хутка беларускія будаўнікі пачнуць рэканструкцыю яшчэ аднаго буйнога стадыёна ў Варонежы.