13 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Беларусі ў Рэспубліцы Карэя Андрэй Чарнецкі 13 красавіка сустрэўся з кіраўніцтвам Карэйскай асацыяцыі імпарцёраў (КОІМА) у штаб-кватэры названай арганізацыі ў Сеуле. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА расказалі ў пасольстве нашай краіны ў Рэспубліцы Карэя.
На перагаворах былі абмеркаваны перспектыўныя напрамкі ўмацавання беларуска-карэйскага двухбаковага супрацоўніцтва ў галіне лёгкай прамысловасці, пашырэння на карэйскім рынку беларускай сельскагаспадарчай прадукцыі. Была таксама дасягнута дамоўленасць садзейнічаць развіццю двухбаковых кантактаў па лініі дзелавых колаў дзвюх дзяржаў.
Размова ішла таксама аб міжнароднай выстаўцы "Korea Import Fair", якая кожны год праходзіць пад эгідай KOIMA.
Карэйская асацыяцыя імпарцёраў была заснавана ў 1970 годзе пры Міністэрстве гандлю, прамысловасці і энергетыкі. Цяпер арганізацыя налічвае каля 8 тыс. членаў. Партнёрамі KOIMA з'яўляюцца больш за 50 тыс. пастаўшчыкоў на карэйскі рынак у 100 краінах свету, уключаючы Беларусь.