10 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Мультыбрэндавы цэнтр прадукцыі беларускага машынабудавання адкрыецца ў Новасібірскай вобласці. Аб гэтым паведаміў намеснік прэм'ер-міністра Пётр Пархомчык на сустрэчы з губернатарам Новасібірскай вобласці Расіі Андрэем Траўнікавым, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Новасібірская вобласць для Беларусі з'яўляецца адным з ключавых партнёраў з рэгіёнаў РФ. У красавіку прэм'ер-міністр нашай краіны быў з візітам у вашым рэгіёне, былі абмеркаваны многія пытанні, намечаны мэты і задачы па збліжэнні. Наша сустрэча дае магчымасць правесці кантрольную зверку таго, як выконваюцца пастаўленыя задачы. 2022 год у нас быў даволі паспяховым з эканамічнага пункту гледжання: тавараабарот павялічыўся практычна на 43 працэнты і наблізіўся да $500 млн. У гэтым годзе абазначылася нязначнае зніжэнне, але я ўпэўнены, што з улікам вашага візіту ў нас яшчэ ёсць магчымасць нагнаць тое, што было ўпушчана, і дабіцца дадатнай дынамікі да ўзроўню 2022 года", - сказаў Пётр Пархомчык.
Учора на сустрэчы губернатара з прэм'ер-міністрам Беларусі Раманам Галоўчанкам абмяркоўвалася стварэнне комплекснага цэнтра, які аб'яднае ўсіх беларускіх вытворцаў машынабудаўнічага абсталявання. Ён ствараецца на базе гандлёвага дома "МТЗ-Сібір". "Мы прынялі для сябе такую праграму - у асобных рэгіёнах Расіі будзем адкрываць мультыбрэндавыя пляцоўкі, дзе пакупнікам будзе прапаноўвацца амаль уся лінейка вырабляемай у Беларусі прадукцыі. Гэта не проста трактары, але і збожжаўборачныя і кормаўборачныя камбайны, машыны для камунальнай гаспадаркі, пасажырскі транспарт. Гэта пляцоўка будзе навуковым цэнтрам для падрыхтоўкі, навучання, а таксама забеспячэння сэрвісу, запасных частак. Гэта будзе беларускі тэхнічны куток у Новасібірскай вобласці. Плануем гэту работу вельмі аператыўна выконваць. Думаю, гэта дасць сур'ёзны штуршок развіццю нашых адносін", - адзначыў віцэ-прэм'ер.
Прамысловая кааперацыя - адзін з ключавых напрамкаў супрацоўніцтва Беларусі з Новасібірскай вобласцю. "Тут у нас усё вельмі добра развіваецца. Сумеснае прадпрыемства "БКМ-Сібір" паспяхова рэалізуе планы па пасажырскай тэхніцы. Трэба вельмі дакладна ўсё спланаваць не толькі на 2023-і, але і на 2024 год. Тэхніка добра зарэкамендавала сябе ў РФ і карыстаецца павышаным попытам", - падкрэсліў Пётр Пархомчык.
Акрамя таго, прадпрыемства па вытворчасці электрапрыводаў развівае актыўнае супрацоўніцтва з БЕЛАЗам. "Вельмі важна, што мы ад простай прамысловай кааперацыі сёння перайшлі ў галіну сумеснай распрацоўкі і стварэння новых генератараў, цягавых рухавікоў, якія неабходны для Беларускага аўтамабільнага завода. Гэта канструктарска-тэхналагічныя пытанні, якія дазваляюць палепшыць якасць прадукту. Важна, што мы разам, у кааперацыі вырабляем гэтыя вузлы, якія таксама выкарыстоўваюцца ў вытворчасці лакаматываў у РФ. Неабходна абазначыць перспектывы на 2024 год", - дадаў віцэ-прэм'ер.