11 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. ААТ "Папяровая фабрыка "Спартак" плануе павялічыць перапрацоўку макулатуры, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА прэс-сакратар канцэрна "Беллеспаперапрам" Ружэна Навіцкая.
"На Папяровай фабрыцы "Спартак" завяршаецца рэалізацыя інвестыцыйнага праекта па рэканструкцыі размольна-падрыхтоўчага аддзела і тэхналагічнага патоку папяровай машыны нумар 2. Яго асноўная мэта - павялічыць перапрацоўку макулатурнай сыравіны нізкасортных марак. Праект фінансуецца са сродкаў ДУ "Аператар другасных матэрыяльных рэсурсаў" (каля 6 млн еўра)", - расказала Ружэна Навіцкая.
Праект дасць магчымасць нарасціць прадукцыйнасць папяровай машыны да 52,2 тыс. т у год. У тым ліку павялічыцца перапрацоўка другасных адходаў (нізкасортнай макулатуры МС-13В) у 3,5 раза - з 6,5 тыс. т да 22,9 тыс. т у год.
Акрамя таго, завершаны тэхнічнае пераўзбраенне і мадэрнізацыя ААТ "СКПЗ "Альберцін". Інвестпраект уключаў набыццё і ўстаноўку карданаробчай машыны і патоку па падрыхтоўцы макулатурнай масы. Мадэрнізацыя садзейнічала павелічэнню перапрацоўкі макулатуры да 95 тыс. т у год (на 40 працэнтаў). Вытворчасць кардону вырасла да 50 тыс. т у год (раней было 30 тыс. т).
Папяровая фабрыка "Спартак" знаходзіцца ў Шклове. Заснавана ў 1898 годзе. Цяпер выпускае звыш 20 найменняў прадукцыі, у тым ліку паперу, гафракардон і гафраскрыні, прадукцыю санітарна-гігіенічнага прызначэння і іншае.
Слонімскі кардонна-папяровы завод "Альберцін" - адно са старэйшых прадпрыемстваў цэлюлозна-папяровай прамысловасці Беларусі, пабудаванае ў пачатку XIX стагоддзя. Цяпер тут дзейнічаюць цэхі вытворчасці кардону, вытворчасці паперы, санітарна-гігіенічных папер, а таксама шэраг дапаможных.