15 чэрвеня, Гомель /Кар. БЕЛТА/. Паўночны актыў кампаніі "Беларуснафта" - ААТ "НК "Янгпур" - плануе мінімум у два разы павялічыць здабычу газу і газакандэнсату ў 2020 годзе ў параўнанні з 2019-м, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе прадпрыемства.
Паводле прагнозаў, аб'ёмы здабычы па выніках бягучага года складуць звыш 700 млн кубаметраў газу і 80 тыс. т газакандэнсату.
У суткі ў ААТ "НК "Янгпур" здабываюць 2,55 млн кубаметраў прыроднага газу і 200 т газакандэнсату. Асноўная доля здабычы прыпадае на Мяцельнае радовішча. Так, у маі бягучага гдоа сутачны аб'ём здабычы тут складаў 2,4 млн кубаметраў прыроднага газу і 190 т газакандэнсату.
Як расказалі ў прэс-службе, першы прамысловы прыток газакандэнсату сумесі на Мяцельным атрымалі ў 2016 годзе. Да таго часу Уюжнае газакандэнсатнае радовішча "Янгпур" было на апошняй стадыі распрацоўкі, здабыча плаўна падала.
Цяпер на Мяцельным дзейнічае паўнацэнны газавы промысел. "Інфраструктура прадаўжае развівацца. У бліжэйшы час плануецца ўвесці ў эксплуатацыю трубаправод ад куста нумар 3 да ўстаноўкі падрыхтоўкі газу і стабілізацыі газакандэнсату Мяцельнага радовішча. Гэта дасць магчымасць значна скараціць затраты на транспарціроўку кандэнсату паміж вытворчымі пляцоўкамі радовішча", - адзначылі ў "Беларуснафце".
З адкрыццём запасаў Мяцельнага радовішча звязваюць новы віток развіцця газавага напрамку кампаніі. Маштабная распрацоўка радовішча пачалася год таму. "Адначасова мадэрнізавалі існуючую ўстаноўку і працавалі па другой чарзе праекта. Каб скараціць час і затраты на павелічэнне магутнасцей інфраструктуры, трэцюю ўстаноўку падрыхтоўкі газу вырашылі будаваць непасрэдна на кусце нумар 3", - удакладнілі на прадпрыемстве. На гэтай пляцоўцы свідравін і атрымліваюць асноўны аб'ём здабычы. Спецыялісты распрацавалі тэхналагічную схему, рабочую дакументацыю, набылі неабходнае абсталяванне і матэрыялы для будаўніцтва УПГ-3. Яе запусцілі месяц таму.
ААТ "НК "Янгпур" - нафтагазаздабыўная кампанія. З 2013 года прадстаўляе "Беларуснафту" на расійскім рынку здабычы нафты і газу. Вядзе пошук, разведку і распрацоўку радовішчаў Ізвесцінскага ліцэнзійнага ўчастка, размешчанага ў Ямала-Ненецкай аўтаномнай акрузе. Сярод асноўных відаў дзейнасці - здабыча нафты, газу, газавага кандэнсату, першасная апрацоўка нафты, пастаўка вуглевадароднай сыравіны і прадуктаў яе перапрацоўкі прадпрыемствам РФ і замежных краін.