26 красавіка, Мінск /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. У горадзе Дзера-Ісмаіл-Хан правінцыі Хайбер-Пахтунхва Пакістана 24-25 красавіка паспяхова праведзены першыя ў гісторыі двухбаковых адносін палявыя выпрабаванні самаходнага збожжаўборачнага камбайна КЗС-575 вытворчасці ААТ "Гомсельмаш". Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў пасольстве Беларусі ў Пакістане.
Збожжаўборачная тэхніка беларускай вытворчасці цудоўна паказала сябе ў няпростых кліматычных умовах пакістанскага рэгіёна, выклікаўшы вялікую цікавасць у мясцовых фермераў сваёй надзейнасцю і высокай эфектыўнасцю аўтаматызацыі ўборачнага працэсу. Па выніках выпрабаванняў распрацоўваецца план паставак прадукцыі ААТ "Гомсельмаш" на пакістанскі рынак.
Выпрабаванні сталі магчымы дзякуючы перагаворнаму працэсу, аснову якому паклаў першы візіт кіраўніка беларускай дзяржавы ў Пакістан 28-29 мая 2015 года.
Дэманстрацыю магчымасцей беларускага камбайна на палях рэгіёна правяла прафесійная каманда ААТ "Гомсельмаш" пад кіраўніцтвам намесніка начальніка ўпраўлення - начальніка аддзела продажаў у краіны Азіі і Афрыкі Ірыны Прывалавай.
Мерапрыемства арганізавана генеральным дырэктарам кампаніі Pyramid Logistics (Pvt.) Ltd. Якубам Шэйхам і прадстаўніком Беларускай гандлёва-прамысловай палаты ў Пакістане Журабекам Кіргізбекавым.
Пакістан з'яўляецца адной з ключавых краін далёкай дугі, з якой Беларусь апошнія гады актыўна развівае гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва. У 2017 годзе экспарт беларускіх тавараў у Пакістан склаў $65 млн, на трэць перавысіўшы аб'ём паставак 2016 года.