26 мая, Ісламабад /Таццяна Паляжай - БЕЛТА/. Пакістан запрашае Беларусь інвесціраваць у энергетычную і нафтахімічную галіны. Аб гэтым заявіў сёння прэзідэнт Федэрацыі гандлёва-прамысловых палат Пакістана Міян Мухамад Адрыс у час бізнес-сустрэчы паміж беларускімі і пакістанскімі дзелавымі коламі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Пакістан вельмі дружалюбны да бізнесу, - адзначыў Міян Мухамад Адрыс. - Пакістан прапануе вельмі сумленную сістэму замежных інвестыцый. Тут танная рабочая сіла, працавітыя людзі, мяккі падатковы рэжым, няма ніякіх забарон".
Прэзідэнт Федэрацыі ГПП Пакістана расказаў, што нядаўна краіну наведаў старшыня КНР і ў рамках візіту былі заключаны дагаворы на
$46 млрд. "Гэта самыя вялікія інвестыцыі ў гісторыі Пакістана, - сказаў Міян Мухамад Адрыс. - Кітай інвесціруе вялізныя сродкі ў інфраструктуру Пакістана. Гэта будзе садзейнічаць развіццю розных праектаў, у тым ліку самых важных з іх - у нафтахімічнай галіне, тэкстыльнай"."Мы запрашаем і вас інвесціраваць у Пакістан, - падкрэсліў Міян Мухамад Адрыс. - Пакістан знаходзіцца ў цэнтры Азіі, на скрыжаванні ўсіх шляхоў па гандлі і інвестыцыях. Гэта ўзрастаючы рынак, і ён прыдатны для інвестыцый".
Гаворачы аб двухбаковым супрацоўніцтве, прэзідэнт Федэрацыі ГПП Пакістана звярнуў увагу на невысокі ўзровень тавараабароту, які па выніках 2014 года склаў крыху менш за
$60 млн. На яго думку, узровень узаемнага гандлю можна нарасціць за кошт стварэння сумесных вытворчасцей, у прыватнасці, па арганізацыі зборкі тэхнікі, у нафтахіміі."Мы бачым, што ёсць вялікія магчымасці ў гандлі паміж краінамі", - падкрэсліў Міян Мухамад Адрыс.
Старшыня Беларускай гандлёвай прамысловай палаты Міхаіл Мятлікаў запрасіў свайго пакістанскага калегу ўзначаліць бізнес-дэлегацыю і наведаць Беларусь для азнаямлення з яе магчымасцямі. Ён таксама падтрымаў прапанову пакістанскага боку аб правядзенні выставак у абедзвюх краінах, адзначыўшы, што Беларусь ужо разглядае магчымасць удзелу ў міжнароднай выстаўцы ў Пакістане сваёй экспазіцыяй.