20 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Падчас пасяджэння праекта БЕЛТА "Экспертнае асяроддзе" на тэму "Чарнобыль - зямля, на якой можна жыць. Беларускі вопыт па адраджэнні і развіцці забруджаных тэрыторый" начальнік Дэпартамента па ліквідацыі наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Сяргей Шпарло падрабязна расказаў аб ходзе рэалізацыі праграм па ліквідацыі наступстваў аварыі на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі і запланаваных на 2021-2025 гады мерапрыемствах па аднаўленні пацярпелых рэгіёнаў.
Пачынаючы з 1990 года ў Беларусі рэалізавана 5 дзяржаўных праграм па пераадоленні наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі. Цяпер рэалізуецца шостая - на 2021-2025 гады. Асноўнымі мэтамі праграм з'яўляюцца сацыяльная абарона пацярпелага насельніцтва, безумоўнае забеспячэнне патрабаванняў радыяцыйнай бяспекі, паскоранае сацыяльна-эканамічнае развіццё і адраджэнне забруджаных радыенуклідамі тэрыторый. На выкананне мерапрыемстваў праграм з 1990 года было накіравана ў эквіваленце $19,3 млрд. Гэтыя сродкі выкарыстоўваліся для перасялення людзей, сацыяльна-эканамічнага развіцця пацярпелых рэгіёнаў, вытворчасці чыстай прадукцыі і іншых мерапрыемстваў.
Начальнік дэпартамента расказаў, што агульнае фінансаванне праграмы на 2021-2025 гады складае Br2,991 млн. Гэтай праграмай прадугледжана выкананне пяці задач. "Першая - забеспячэнне сацыяльнай абароны, аказанне меддапамогі, санаторна-курортнае лячэнне і аздараўленне пацярпелага насельніцтва. Другая задача накіравана на забеспячэнне радыяцыйнай абароны і адраснага прымянення ахоўных мер у сельскай гаспадарцы. Трэцяя задача - сацыяльна-эканамічнае развіццё рэгіёнаў. Чацвёртая задача ў праграме накіравана на ўдасканаленне арганізацыі санаторна-курортнага лячэння і аздараўлення дзяцей, якія пражываюць або вучацца на тэрыторыі радыеактыўнага забруджвання. І пятая задача - правядзенне навуковых даследаванняў і інфармацыйнай работы. Прамежкавыя мэты дасягнуты, астатнія выконваюцца", - растлумачыў Сяргей Шпарло.
Так, у 2021 годзе на выкананне гэтых мерапрыемстваў было затрачана Br538,7 млн. Прадастаўлены льготы і выплачаны кампенсацыі пацярпелым ад катастрофы грамадзянам на суму Br163,9 млн, газіфікаваны 724 жылыя дамы і кватэры, пракладзена 34 км газаправодных сетак, 17,6 км водаправодных сетак, забяспечаны ўвод у эксплуатацыю трох станцый ачысткі вады ад прымесей жалеза, дзвюх артэзіянскіх свідравін. Было здадзена ў эксплуатацыю 111 кватэр і дамоў. Рэалізоўваліся праекты будаўніцтва, рэканструкцыі, капітальнага рамонту 17 аб'ектаў аховы здароўя, 3 аб'ектаў сістэмы адукацыі.
У сельскай гаспадарцы праводзіліся будаўніцтва і рэканструкцыя 4 малочнатаварных ферм, 4 зернесушыльных комплексаў, аднаго племяннога свінагадоўчага комплексу ў Добрушскім раёне. Таксама было набыта 7 школьных аўтобусаў, 160 адзінак тэхналагічнага абсталявання для харчаблокаў устаноў адукацыі, 62 адзінкі медабсталявання, 560 адзінак сельгастэхнікі, 7 адзінак камунальнай тэхнікі.
Праводзілася будаўніцтва спальнага корпуса на 166 месцаў у дзіцячым рэабілітацыйна-аздараўленчым цэнтры "Жамчужына" і фізкультурна-аздараўленчага комплексу з басейнам у дзіцячым рэабілітацыйна-аздараўленчым цэнтры "Надзея". Для дзіцячых рэабілітацыйна-аздараўленчых цэнтраў закуплена 27 адзінак сучаснага лячэбнага абсталявання. Усяго на аднаўленне і сацыяльна-эканамічнае развіццё пацярпелых рэгіёнаў расходавана Br115,4 млн.
"Спынюся на аздараўленні дзяцей. Цяпер непаўналетнія дзеці, якія пражываюць на тэрыторыі радыеактыўнага забруджвання, маюць права на санаторна-курортнае лячэнне, аздараўленне, бясплатнае харчаванне ў школах. У школах бясплатным харчаваннем у 2021/2022 навучальным годзе забяспечана больш за 110 тыс. вучняў. Аздараўленне дзеці праходзяць у 12 дзіцячых рэабілітацыйна-аздараўленчых цэнтрах, якія круглы год прымаюць дзяцей арганізаванымі групамі. Гэтыя цэнтры аснашчаны сучасным медабсталяваннем, што дае магчымасць праводзіць не толькі лячэнне, але і дыягностыку захворванняў у дзяцей. Працягласць знаходжання на аздараўленні - 24 дні, што з'яўляецца аптымальным для правядзення курса лячэння, аздараўлення, комплекснага ачышчэння арганізма. У 2021 годзе санаторна-курортнае лячэнне, аздараўленне прайшлі больш за 84 тыс. пацярпелых грамадзян, сярод іх дзяцей - больш за 75 тыс.", - расказаў Сяргей Шпарло.