29 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Паўднёвакарэйскія імпарцёры лесапрадукцыі зацікаўлены ў супрацоўніцтве з Беларускай універсальнай таварнай біржай. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе БУТБ.
Па выніках візіту дэлегацыі прадпрыемстваў дрэваапрацоўчай прамысловасці Паўднёвай Карэі на Беларускую ўніверсальную таварную біржу плануецца павялічыць аб'ёмы экспарту беларускіх піламатэрыялаў на рынак гэтай азіяцкай краіны. Так, аб гатоўнасці ажыццяўляць рэгулярныя закупкі абразной дошкі на біржавой пляцоўцы заявілі дзве паўднёвакарэйскія кампаніі, якія спецыялізуюцца на імпарце, вытворчасці і дыстрыбуцыі вырабаў з драўніны.
Рэзідэнты Рэспублікі Карэя ўдзельнічаюць у біржавых таргах лесапрадукцыяй з лістапада 2023 года, паступова павялічваючы аб'ёмы здзелак. Паводле інфармацыі БУТБ, у першым паўгоддзі бягучага года паўднёвакарэйскія ўдзельнікі таргоў ужо набылі на біржы амаль 6 тыс. куб.м піламатэрыялаў хвойных парод. Акрамя таго, прапрацоўваецца пытанне паставак у Паўднёвую Карэю драўняных паліўных гранул (пелет) беларускай вытворчасці. Размова ідзе аб так званых шэрых гранулах, што прымяняюцца ў прамысловых мэтах.
"На сённяшні дзень лідарам па закупках піламатэрыялаў на біржавых таргах з'яўляецца Кітай. За першае паўгоддзе 2024 года на гэты рынак было рэалізавана звыш 496 тыс. куб.м пілапрадукцыі, што ў 3,4 раза больш, чым за аналагічны перыяд 2023 года. Разам з тым актыўна развіваюцца і іншыя экспартныя напрамкі, у тым ліку ў такіх рэгіёнах, як Паўднёва-Усходняя Азія і Блізкі Усход. У прыватнасці, больш за 54 тыс. куб. м піламатэрыялаў набылі кампаніі з Сінгапура, 29 тыс. куб.м было прададзена ў Аб'яднаныя Арабскія Эміраты, а рэзідэнты Ліванскай Рэспублікі закупілі 17 тыс. куб.м беларускай пілапрадуцыі. Рэспубліка Карэя з улікам высокай патрэбнасці гэтай краіны ў імпартнай драўніне, безумоўна, з'яўляецца перспектыўным рынкам збыту для айчынных лесапрамысловых прадпрыемстваў, і пашырэнню кола паўднёвакарэйскіх удзельнікаў таргоў удзяляецца самая пільная ўвага. У сувязі з гэтым разлічваем, што дамоўленасці, дасягнутыя ў ходзе сустрэчы з бізнес-дэлегацыяй з Паўднёвай Карэі, ужо ў бліжэйшы час пяройдуць у практычную плоскасць", - пракаменціравалі ў прэс-службе БУТБ.
Паводле даных БУТБ, у студзені-чэрвені 2024 года біржавы экспарт піламатэрыялаў склаў 1,3 млн куб.м, у 3,5 раза перавысіўшы рэзультат студзеня-чэрвеня 2023 года. У топ-3 буйнейшых замежных пакупнікоў увайшлі кампаніі з Кітая, Азербайджана і Расіі.