16 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Паўднёваафрыканскія кампаніі зацікаўлены ў супрацоўніцтве з беларускімі вытворцамі. Аб гэтым ішла размова на сустрэчы намесніка старшыні Беларускай гандлёва-прамысловай палаты Дзяніса Мялешкіна з дэлегацыяй бізнес-колаў Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікі, паведамляе БЕЛТА са спасылкай на сайт БелГПП.
"Бакі разгледзелі перспектывы развіцця супрацоўніцтва паўднёваафрыканскіх кампаній з беларускімі вытворцамі высокатэхналагічнага абсталявання, прадпрыемствамі машынабудаўнічага сектара, сельскай гаспадаркі, харчовай, хімічнай прамысловасці, а таксама энергетычнага комплексу", - гаворыцца ў паведамленні.
Акрамя таго, удзельнікі сустрэчы абмеркавалі магчымасці арганізацыі выстаўкі беларускіх вытворцаў Made in Belarus у ПАР.