21 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Па прапанове Беларусі ў ЕАЭС выпрацуюць меры па процідзеянні санкцыйнай палітыцы. Аб гэтым заявіў журналістам віцэ-прэм'ер Ігар Петрышэнка па выніках праведзенага ў рэжыме відэаканферэнцыі пасяджэння Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета з удзелам Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Адпаведная прапанова кіраўніка беларускай дзяржавы была падтрымана лідарамі іншых краін інтэграцыйнага аб'яднання.
"Вы ведаеце, што беларускі бок паслядоўна, пачынаючы з 2011 года, уносіў прапановы, што калі мы саюз, то павінны гібка і, самае галоўнае, эфектыўна рэагаваць на тыя выклікі, якія ёсць звонку. У першую чаргу - так званае санкцыйнае процістаянне. І ў гэтай частцы адпаведны інструментарый павінен быць выпрацаваны ў рамках Еўразійскага эканамічнага саюза", - сказаў віцэ-прэм'ер.
Паводле яго слоў, потым перыядычна бакі вярталіся да адпаведнай праблематыкі пры яе актуалізацыі. "І вось сёння таксама па прапанове кіраўніка нашай дзяржавы, якую падтрымалі ўсе прэзідэнты, даручана Калегіі ЕЭК сумесна з урадамі краін прааналізаваць сітуацыю і падрыхтаваць адпаведны комплекс мер і прапаноў, што будуць прадстаўлены ва ўстаноўленым парадку для разгляду на ўзроўні кіраўнікоў дзяржаў. Там будзе вызначацца, як выкарыстоўваць гэты інструментарый", - расказаў Ігар Петрышэнка.
Як паведамлялася БЕЛТА, у сваім выступленні на праведзеным пасяджэнні Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што так званы калектыўны Захад не зацікаўлены ва ўмацаванні ЕАЭС і ўзмацненні новага канкурэнта на сусветным рынку. "Таму трэба разважна ацэньваць негатыўны ўплыў такога націску звонку і ўжо цяпер прадумаць меры рэагавання - ад мэтавага нарошчвання імпартазамяшчэння і ўзаемнага гандлю да, калі спатрэбіцца, увядзення ў рамках кампетэнцыі саюза прамых абмежавальных мер. Гэтыя меры мы можам выкарыстоўваць, як гэта робяць нашы канкурэнты на Захадзе. У выпадку абвастрэння эканамічнай сітуацыі", - заявіў Прэзідэнт Беларусі.