21 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Інвестыцыі ў асноўны капітал Беларускай АЭС у 2017 годзе выраслі амаль на 40 працэнтаў. Такая інфармацыя прыводзіцца ў матэрыялах прэс-службы Міністэрства энергетыкі да падагульняючай калегіі міністэрства, паведамляе БЕЛТА.
Аб'ём інвестыцый у асноўны капітал склаў Br1,68 млрд, тэмп росту ў параўнанні з 2016 годам - 139,5 працэнта. Сярэдняя колькасць будаўніча-мантажнага персаналу, занятага на аб'ектах атамнай электрастанцыі, - 4 950 чалавек.
За 2017 год зманціравана 17 тыс. т арматуры і ўкладзена 101 тыс. куб. м бетону. Будаўніча-мантажныя работы ішлі на ўзвядзенні першага і другога энергаблокаў Беларускай АЭС, а таксама на агульнастанцыйных аб'ектах. У цэлым работы вяліся на 123 аб'ектах БелАЭС.
Устаноўлены карпусы рэактараў, парагенератары і іншае абсталяванне двух энергаблокаў. Завершана зварка галоўнага цыркуляцыйнага трубаправода энергаблока нумар 1. Вядзецца мантаж турбаагрэгатаў, цеплатэхнічнага і электратэхнічнага абсталявання.
Па Дзяржаўнай інвестыцыйнай праграме ў 2017 годзе ўведзены ў эксплуатацыю чатыры жылыя дамы ў Астраўцы, ваенны гарадок для аховы АЭС. Прадаўжаецца будаўніцтва сямі жылых дамоў у Астраўцы.
Беларуская АЭС будуецца па тыпавым расійскім праекце АЭС-2006 новага пакалення "3+" паблізу Астраўца (Гродзенская вобласць). Першы энергаблок плануецца ўвесці ў эксплуатацыю ў 2019 годзе, другі - у 2020-м.