29 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Інвестдагавор аб будаўніцтве сучаснага комплексу "Паўночны бераг" падпісаны сёння ў Мінску, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Указам Прэзідэнта нумар 186 "Аб рэалізацыі інвестыцыйнага праекта ў Мінску" Мінгарвыканкаму было даручана заключыць з прыватнай кампаніяй з абмежаванай адказнасцю і таварыствам з абмежаванай адказнасцю Riverside Development Holdings Limited дагавор аб узвядзенні аб'екта "Эксперыментальны шматфункцыянальны комплекс "Паўночны бераг".
Дакумент сёння падпісалі старшыня Мінгарвыканкама Уладзімір Кухараў і выканаўчы дырэктар кампаніі Emaar Properties (Riverside Development Holdings Limited) Мухамед аль-Абар. "Мы рады, што ў Мінск прыйшоў вядомы міжнародны інвестар, які зоймецца ўзвядзеннем маштабнага сучаснага комплексу. Аб'ект абяцае стаць не толькі жамчужынай сталіцы, але і пунктам прыцяжэння міжнародных інстытутаў і тэхналогій. Будзем атрымліваць карысны вопыт у працэсе рэалізацыі праекта і аказваць усялякае садзейнічанне са свайго боку, каб рэалізаваць яго ў поўнай меры, зрабіць комплекс камфортным і зручным для людзей. У прыватнасці, плануем правесці да яго метро з адгалінаваннем ад трэцяй веткі", - расказаў Уладзімір Кухараў.
Мухамед аль-Абар адзначыў, што свет мяняецца, і Беларусь павінна адпавядаць сучасным плыням. "Людзі тут зацікаўлены ў тым, каб жыць сярод сучасных тэхналогій, дызайну і інфраструктуры. Комплекс, які пабудуем, будзе створаны для паўнацэннага камфортнага жыцця грамадзян, каб яны атрымлівалі задавальненне ад паходаў па магазінах, спартыўных залаў, забаўляльных устаноў, месцаў, дзе працуюць. Мы хочам прадаставіць людзям усё лепшае і рэалізуем для іх неверагодны праект", - сказаў кіраўнік Emaar Properties.
Комплекс размесціцца ў межах МКАД - пр.Пераможцаў - вул.Арлоўскай - Цнянскага вадасховішча. Кошт рэалізацыі праекта складзе 4 млрд еўра. У яго склад увойдуць жылыя дамы з усёй неабходнай інжынернай і транспартнай інфраструктурай, сацыяльныя аб'екты і грамадскага прызначэння агульнай плошчай большай за 6 млн кв.м. Таксама прадугледжваецца ўзвядзенне Нацыянальнага выставачнага цэнтра, Інстытута штучнага інтэлекту, Мінскага цэнтра міжнароднага гандлю. Рэалізаваць праект плануюць на працягу 2021-2040 гадоў.
Мухамед Аль-Аббар лічыцца адным з найбольш значных і паспяховых бізнесменаў ААЭ. Гэты арабскі бізнесмен - фактычна ідэйны натхняльнік і выканаўца канцэпцыі стварэння сучаснага Дубая. Ён таксама з'яўляецца саўладальнікам буйных міжнародных кампаній у галіне электроннага гандлю, грамадскага харчавання, моды і дызайну.
Кампанія Emaar Properties - адзін з буйнейшых у свеце дэвелапераў і інвестараў у галіне будаўніцтва. Валодае больш як 60 даччынымі кампаніямі і прысутнічае на рынках больш як 35 краін на Блізкім Усходзе, у Паўночнай Афрыцы, Азіі, Еўропе і Паўночнай Амерыцы. Спецыялізуецца на гасцінічным бізнесе, гандлёва-забаўляльнай інфраструктуры, здачы ў арэнду камерцыйнай нерухомай маёмасці, развіцці інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій і паслуг для розных сфер бізнесу, інвесціраванні і абслугоўванні нерухомай маёмасці.
Буйнейшыя будаўнічыя праекты Дубая, уключаючы самы высокі ў свеце будынак Бурдж-Халіфа і адзін з буйнейшых гандлёвых цэнтраў "Дубай Мол", былі рэалізаваны менавіта Emaar Properties. Акрамя таго, кампанія забудоўвае Эканамічны горад караля Абдалы ў Саудаўскай Аравіі. Плошча праекта займае 168 кв.км і ўключае марскі порт, прамысловую зону, дзелавы, курортны і жылы раёны, адукацыйныя і медыцынскія ўстановы, гандлёвыя аб'екты.