6 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка не выключае, што за кошт распрацоўкі новых радовішчаў нафты ў Беларусі ў наступныя гады ўдасца нарасціць аб'ёмы здабычы гэтай сыравіны да 3-3,5 млн т у год. Аб гэтым ён заявіў сёння, прымаючы з дакладам генеральнага дырэктара ВА "Беларуснафта" Аляксандра Ляхава. На мерапрыемстве таксама прысутнічала старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Наталля Качанава, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Мяне вельмі цікавіць і хвалюе праблема Прыпяцкага прагіну. Нутром адчуваю, што там у нас нафта ёсць, якую мы яшчэ не бачым", - заявіў кіраўнік дзяржавы.
"Вы вывучалі гэту праблему. Калі вы нешта прапануеце, я гатовы ў гэтым непасрэдна ўдзельнічаць. Але так, каб мы нарасцілі здабычу нафты пры нашым з вамі жыцці хаця б да 3-3,5 млн т (цяпер у краіне здабываецца прыкладна 1,6 млн т сваёй нафты ў год. - Заўвага БЕЛТА). Гэта вырашэнне праблемы для краіны. Мы забудзем пра ўсялякую залежнасць. А калі яшчэ і атамную станцыю адну пабудуем, краіна будзе забяспечана ўсім неабходным. Асабліва энергіяй. Хоць нам трэба яшчэ энергію праглынуць ад гэтай атамнай станцыі. Але перспектыва за гэтым - за электрамабілямі", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Аляксандр Ляхаў далажыў, што кампанія на тэрыторыі Беларусі ў апошнія 4 гады штогод нарошчвае ўзровень здабычы нафты на 20 тыс. т. "Мы выйшлі калісьці на плато 5 гадоў таму ў памеры 1 млн 640 тыс. т. У гэтым годзе мы плануем здабыць мінімум 1 млн 730 тыс. т. І гэты рост здабычы нафты ў Беларусі мы плануем захаваць на бліжэйшыя гады", - сказаў гендырэктар.
Паводле яго слоў, тэмпы прыросту здабычы залежаць ад шэрага фактараў. "Гэта як паспяховасць геолага-разведачных работ у традыцыйнай зоне паўночнага прагіну - Рэчыца, Светлагорск, Акцябрскі, так і ў апошнія 10 гадоў мы пачалі працаваць у зоне Хойніцкага раёна. Літаральна ў апошнія гады мы па 2-3 радовішчы адкрываем вакол Хойнікаў. І здабыча нафты ў раёне ўжо дасягнула практычна 70 тыс. т. Мы спрабуем замацавацца на дасягнутых рубяжах", - расказаў Аляксандр Ляхаў.