10 кастрычніка, Магілёў /Кар. БЕЛТА/. У Магілёве 15-ы раз пройдзе міжнародны эканамічны форум "Млын поспеху". Мерапрыемства адбудзецца 17-18 кастрычніка і будзе арганізавана сумесна з Міжнародным кааперацыйным форумам па імпартазамяшчэнні з удзелам дэлегацый з дзяржаў - членаў Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва, расказалі карэспандэнту БЕЛТА ў Магілёўскім аблвыканкаме.
"Млын поспеху" стане прэзентацыйнай пляцоўкай для вытворчых і інвестыцыйных праектаў Магілёўскай вобласці, а таксама найбольш перспектыўных прапаноў у сферы гандлёва-эканамічнага, інвестыцыйнага і прамысловага супрацоўніцтва. У сваю чаргу форум па імпартазамяшчэнні накіраваны на пошук альтэрнатыўных пастаўшчыкоў прадукцыі - сыравіны, абсталявання, камплектуючых - для кампаній-экспарцёраў, устанаўленне трывалых кааперацыйных сувязей паміж вытворцамі і спажыўцамі прадпрыемстваў краін ШАС.
"Сёння стаіць задача па ўмацаванні гандлёва-дзелавога супрацоўніцтва, паколькі ШАС - гэта эканамічны лакаматыў, які прыцягвае ўвагу ўсіх краін свету, - падкрэслілі ў аблвыканкаме. - Дзве трэці сусветнага грузаабароту прыпадае менавіта на дзяржавы - члены ШАС. У сваю чаргу закрыццё граніц з ЕС падштурхнула да пошуку новых рынкаў збыту і спосабаў замяшчэння еўрапейскіх камплектуючых, таму кааперацыя прамыслова арыентаваных прадпрыемстваў якраз дае добрыя магчымасці і альтэрнатыву".
Дарэчы, Магілёў невыпадкова выбраны месцам правядзення форумаў: гэта развіты прамысловы рэгіён з выгадным месцаразмяшчэннем і добрай інфраструктурай. Абласны цэнтр адкрывае прамы доступ да рынкаў краін адзінай эканамічнай прасторы - Беларусі, Расіі і Казахстана, валодае высокім навукова-тэхнічным і прамысловым патэнцыялам, кваліфікаванымі кадрамі. Акрамя таго, на яго тэрыторыі паспяхова функцыянуе свабодна эканамічная зона з ільготнымі ўмовамі гаспадарання і выгаднымі прэферэнцыямі.
Мерапрыемствы форумаў будуць арганізаваны на пляцоўках спартыўнага комплексу "Алімпіец". У праграму ўвойдуць пленарнае пасяджэнне, тэматычныя дыскусіі, секцыі, прэзентацыя тавараў экспартна арыентаваных прадпрыемстваў, В2В-перагаворы. На секцыях будуць абмяркоўвацца пытанні галіновых праблематык, імпартазамяшчэння, падтрымкі экспарцёраў, новых лагістычных шляхоў і транспартных калідораў, інструменты фінансавага рынку, актуальныя задачы працэсу інтэграцыі рэгіянальнага бізнесу ў сусветную эканамічную прастору. Таксама адбудзецца ўрачыстая цырымонія падпісання пагадненняў і дагавораў.
Часткай праграмы стане выстаўка экспартна арыентаваных прадпрыемстваў з дзяржаў - членаў ШАС, якая збярэ 1,5 тыс. удзельнікаў, у тым ліку прадстаўнікоў буйных кампаній, малога і сярэдняга бізнесу, выканаўчай улады.