31 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Новыя напрамкі супрацоўніцтва будуць абмеркаваны ў час візіту афіцыйнай дэлегацыі Мінпрама ў Яраслаўскую вобласць, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў прэс-службе Мінпрама.
Афіцыйная дэлегацыя Міністэрства прамысловасці Беларусі на чале з міністрам Аляксандрам Рагожнікам наведае 31 мая - 2 чэрвеня Яраслаўскую вобласць Расійскай Федэрацыі. У складзе дэлегацыі - кіраўнікі буйных прамысловых прадпрыемстваў галіны.
У праграме візіту - сустрэча Аляксандра Рагожніка з губернатарам Яраслаўскай вобласці Міхаілам Яўраевым. Адбудзецца таксама рабочая сустрэча міністра прамысловасці Беларусі і членаў дэлегацыі з кіраўнікамі прамысловых прадпрыемстваў Яраслаўскай вобласці па пытаннях узаемадзеяння ў сферы аўтадызелебудавання.
Прадугледжваецца правядзенне пашыранага пасяджэння сумеснай рабочай групы па развіцці супрацоўніцтва Рэспублікі Беларусь і Яраслаўскай вобласці.
Па выніках мінулага года тавараабарот Беларусі і Яраслаўскай вобласці павялічыўся на 13 працэнтаў да ўзроўню папярэдняга года. Экспартныя пастаўкі беларускіх суб'ектаў гаспадарання для арганізацый Яраслаўскай вобласці ўзраслі на 55 працэнтаў.
Вынікі І квартала бягучага года ў цэлым па рэспубліцы таксама паказваюць дадатную дынаміку ўзаемнага тавараабароту. Захоўваецца рост паставак у Яраслаўскую вобласць сярод прадпрыемстваў сістэмы Мінпрама. Згодна са статыстыкай, у І квартале гэты паказчык павялічыўся ў 1,5 раза. Акрамя таго, пастаўкі прадукцыі беларускіх прамысловых прадпрыемстваў (тэхнікі і абсталявання) у Яраслаўскую вобласць ажыццяўляюцца таксама з пляцовак сумесных і зборачных вытворчасцей, а таксама праз суб'екты тавараправоднай сеткі прадпрыемстваў, размешчаных у іншых рэгіёнах Расійскай Федэрацыі.
Яраслаўская вобласць з'яўляецца адным з асноўных гандлёвых партнёраў арганізацый Беларусі і Міністэрства прамысловасці ў прыватнасці. Асноўным напрамкам узаемадзеяння з'яўляецца супрацоўніцтва ў сферы кааперацыі - пастаўка аўтакампанентаў і рухавікоў на канвееры прамысловых прадпрыемстваў Яраслаўскай вобласці і Рэспублікі Беларусь.