15 мая, Мінск /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Новыя крэдытныя лініі для Беларусі ад Кітая будуць выкарыстаны ў тым ліку для развіцця прыватнага бізнесу. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў сёння ў час наведвання ААТ "Мінскі трактарны завод", перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, выдзеленыя льготныя і камерцыйныя крэдытныя рэсурсы будуць накіроўвацца не толькі на буйныя праекты ў маштабах краіны, але таксама доступ да часткі з іх плануецца прадаставіць малому бізнесу. "Я хачу гэтыя крэдыты і малому бізнесу аддаць, прыватнікам. Няхай бяруць, але каб былі жалезныя гарантыі вяртання. Трэба сёння хутчэй ствараць альтэрнатыўную эканоміку, каб прыватнік прыходзіў і працаваў. Няхай развіваюцца", - заявіў беларускі лідар.
Як далажылі кіраўніку дзяржавы, праведзены нядаўна дзяржаўны візіт Старшыні КНР Сі Цзіньпіна ў Беларусь апрача іншага дазволіў вырашыць шэраг пытанняў у супрацоўніцтве МТЗ з кітайскімі партнёрамі. "Ужо калі пасля гэтага вы не зможаце выйсці на кітайскі рынак і працаваць там, то грош нам цана", - заўважыў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што Сі Цзіньпін з'яўляецца сябрам Беларусі і ў ходзе візіту праяўляў шчырую зацікаўленасць у пошуку новых напрамкаў для развіцця супрацоўніцтва. "Ён збіраў сваіх людзей, даваў канкрэтныя заданні. Мэта была адна - беларусам трэба падставіць плячо, таму што яны ніколі не падводзілі. Гэта быў этапны візіт, - сказаў кіраўнік дзяржавы. - Ён ад'язджаў адсюль і гаварыў: я ніколі не думаў, што Беларусь такая і што візіт будзе настолькі выніковым. Кітайцы ніколі проста так нічога не гавораць".
Паводле слоў Прэзідэнта, вялікі крок таксама зроблены ў развіцці міжрэгіянальных сувязей паміж Беларуссю і Кітаем.
У цэлым беларускі лідар адзначыў, што па выніках візіту ў беларуска-кітайскіх адносінах адбыліся сур'ёзныя зрухі, якія ў тым ліку дадуць магчымасць выправіць некаторыя праблемныя месцы ў эканоміцы Беларусі.