Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Каляды і Новы год у Беларусі
Бізнес
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Бізнес | Бізнес-навіны

Бізнес-навіны

4 Ліс 2016

Новы цэнтр кіравання паветраным рухам плануецца пабудаваць у Беларусі за два гады

4 лістапада, Мінск /Святлана Міховіч - БЕЛТА/. Новы цэнтр кіравання паветраным рухам плануецца пабудаваць у Беларусі за два гады, паведаміў сёння журналістам намеснік прэм'ер-міністра Анатоль Калінін пасля цырымоніі закладкі памятнай капсулы ў гонар пачатку будаўніцтва будынка цэнтра, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Цэнтр будзе пабудаваны на працягу двух гадоў, кошт праекта аптымальны. Львіную долю яго будзе складаць кошт сучаснага тэхналагічнага абсталявання. Крыніца фінансавання - сродкі "Белаэранавігацыі", - растлумачыў віцэ-прэм'ер.

Анатоль Калінін падкрэсліў, што такі аб'ект краіне неабходны, бо ён дасць магчымасць павялічыць прапускную здольнасць паветранай прасторы Беларусі і яшчэ больш палепшыць бяспеку палётаў. "Трэба адзначыць, што авіяцыя ў нас паспяхова развіваецца і мадэрнізуецца. Забяспечана бяспека палётаў, ідзе зніжэнне кошту білетаў, набываюцца новыя паветраныя судны. Ствараецца сучасная інфраструктура для таго, каб аказваць якасныя паслугі пасажырам", - канстатаваў ён.

Генеральны дырэктар дзяржаўнага прадпрыемства "Белаэранавігацыя" Леанід Чуро расказаў, што кошт праекта складае Br87,5 млн. "Мы плануем ажыццявіць праект за кошт уласных сродкаў, зразумела, будзем прыцягваць крэдыты. За прадастаўленне аэранавігацыйных паслуг мы атрымліваем грошы, таму разлічваем, што праект акупіцца прыкладна за 8 гадоў", - адзначыў ён. Паводле слоў гендырэктара прадпрыемства, новы цэнтр кіравання паветраным рухам будзе абсалютна ідэнтычны еўрапейскім цэнтрам па сваім абсталяванні і ўмовах для спецыялістаў.

Як удакладнілі ў Мінтрансе, аб'ект плануецца ўвесці ў эксплуатацыю ў IV квартале 2018 года. Для будаўніцтва выдзелены ўчастак зямлі агульнай плошчай 3,56 га на землях Валмянскага лясніцтва Смалявіцкага раёна ля паўднёвай мяжы мікрараёна Сокал. Плануецца, што працаваць тут будзе больш за 400 чалавек. Увод цэнтра ў эксплуатацыю дасць магчымасць вызваліць арандаваныя ў Нацыянальнага аэрапорта Мінска вытворчыя памяшканні плошчай больш за 3 тыс. кв.м.

У Мінтрансе таксама растлумачылі, што сёння абслугоўваннем паветранага руху над тэрыторыяй Беларусі займаюцца Мінскі раённы і аэрадромны дыспетчарскія цэнтры дзяржаўнага прадпрыемства "Белаэранавігацыя", размешчаныя ў аэрапорце, а таксама службы паветранага руху прадпрыемства на іншых грамадзянскіх аэрадромах Беларусі. "Пасля ўводу новага аб'екта цэнтры ў абласных аэрапортах застануцца, але яны прадоўжаць кіраваць палётамі толькі ў раёне сваіх аэрадромаў (да вышыні 6 тыс. км і ў радыусе 60-100 км). Астатняя паветраная прастора будзе кіравацца з гэтага цэнтра. Фактычна, адсюль будзе кантралявацца ўсё неба над Беларуссю", - канстатаваў Леанід Чуро.

Дзяржаўнае прадпрыемства "Белаэранавігацыя" прадастаўляе аэранавігацыйныя паслугі па арганізацыі паветранага руху. Існуючыя тэхнічныя магчымасці дазваляюць забяспечыць патрэбнасці замежных авіякампаній. За 2015 год у паветранай прасторы Беларусі аэранавігацыйнае абслугоўванне было прадастаўлена больш як 1 тыс. авіякампаній са 100 краін свету. Сярэдняя інтэнсіўнасць палётаў складае больш за 700 паветраных суднаў за суткі (ад 500 палётаў у зімовы перыяд да 950 - у летні). Асноўныя даходы за аэранавігацыйныя паслугі "Белаэранавігацыя" атрымлівае ад транзітных палётаў замежных авіякампаній, доля якіх складае 84 працэнты ад агульнай колькасці.

У інтарэсах авіякампаній цяпер у паветранай прасторы Беларусі ўведзена 56 паветраных трас (толькі з 2013 года ўведзена 10 дадатковых трас, дзякуючы чаму агульная працягласць сеткі павялічылася на 20 працэнтаў).Асноўнымі карыстальнікамі паветранай прасторы з'яўляюцца авіякампаніі Расіі (34 працэнты ад агульнай колькасці) і краін ЕС (32 працэнты). Доля Беларусі складае 11 працэнтаў.-

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі