17 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Новы рэзідэнт створыць у Кітайска-беларускім індустрыяльным парку "Вялікі камень" лічбавы гандлёвы цэнтр фінансавых даных на базе воблачнага сэрвісу. Дагавор аб уступленні ў парк новага рэзідэнта - ТАА "ГТА (МСК) Тэхналогіі Даных" падпісаны 16 жніўня, паведамляе БЕЛТА са спасылкай на сайт індустрыяльнага парка.
Ініцыятарам праекта выступае кітайская кампанія Shenzhen GTA Education Tech Ltd. У парку новы рэзідэнт плануе стварыць адкрытую воблачную пляцоўку абслугоўвання фінансавых даных, якая ахоплівае многія сферы, - так званы лічбавы цэнтр фінансавых даных на базе воблачнага сэрвісу.
Праект прадугледжвае работу з фінансавымі данымі асноўных фондавых бірж у Кітаі, а таксама з рынкам каштоўных папер у Цэнтральнай і Усходняй Еўропе. Карыстальнікамі гэтых паслуг стануць кітайскія брокерскія фірмы, інвестыцыйныя фонды і іншыя фінансавыя інстытуты.
GTA - кітайская высокатэхналагічная кампанія, якая прадастаўляе рашэнні для кітайскіх і міжнародных адукацыйных і інвестыцыйных арганізацый для работы з данымі, стварэння воблачнай платформы, праграмнага забеспячэння. У GTA працуюць больш за 2 тыс. супрацоўнікаў, выручка - звыш $100 млн у год.