7 ліпеня, Брэст /Кар. БЕЛТА/. ААТ "Савушкін прадукт" установіць у Бярозе новую лінію па вытворчасці сыроў. Аб гэтым паведаміў 7 ліпеня генеральны дырэктар ААТ Аляксандр Саўчыц у час рабочай паездкі прэм'ер-міністра Рамана Галоўчанкі ў Брэст, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Кампанія развівае свае вытворчыя пляцоўкі ў Брэсце, Пінску, Століне, Бярозе, Іванаве, Баранавічах і Оршы. "У Бярозе ставім дадатковую лінію на 80 т сыру. Бяроза будзе самым вялікім вытворцам на постсавецкай прасторы, будзе вырабляцца 140 т сыру за суткі. Думаем, у наступным годзе там запусцім лагістычны цэнтр пад сыраробства", - адзначыў Аляксандр Саўчыц.
Ён расказаў, што санкцыі перашкодзілі кампаніі атрымаць заказанае для мадэрнізацыі на вытворчых участках абсталяванне. Тым не менш былі знойдзены іншыя пастаўшчыкі, і аснашчэнне прадоўжыцца.
Раман Галоўчанка пацікавіўся, як ААТ вытрымлівае канкурэнцыю на расійскім рынку. Аляксандр Саўчыц падкрэсліў, што здавацца ніхто не збіраецца. "Канкурэнцыі мы не баімся, будзем змагацца. У расійскія сеткі трапіць вельмі цяжка, вялікая канкурэнцыя. Мы зайшлі, прадоўжым ісці па сваім курсе", - сказаў гендырэктар. Таксама кампанія сур'ёзна нацэлена на работу ў Кітаі. Усяго ж прадукцыю экспартуюць у 28 краін.
Раман Галоўчанка сёння азнаёміўся з работай Брэсцкага навукова-тэхналагічнага парка, распрацаванымі і перспектыўнымі праектамі яго рэзідэнтаў.