19 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Новая зборачная вытворчасць беларускіх трактароў павінна ў верасні з'явіцца ў Малдове. Аб гэтым паведаміў журналістам Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Беларусі ў Малдове Анатоль Калінін, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
У Малдове працуюць ужо тры зборачныя вытворчасці беларускай тэхнікі: тралейбусаў, трактароў сярэдняй магутнасці і трактароў для работы на вінаградніках.
"У нас у планах адкрыць у верасні яшчэ адну зборачную вытворчасць беларускіх трактароў, гэта будуць больш магутныя трактары", - расказаў Анатоль Калінін.
Акрамя таго, на працягу года ў Малдове плануецца адкрыць зборачную вытворчасць магілёўскіх ліфтаў. У перспектывах - арганізацыя зборкі віцебскіх пад'ёмнікаў.