27 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Супрацоўніцтва абласцей Беларусі і правінцый Кітая - неабходная ўмова для далейшага нарошчвання інвестыцыйнага ўзаемадзеяння. Такое меркаванне выказала намеснік міністра эканомікі Анжаліка Нікіціна падчас цырымоніі адкрыцця Года рэгіёнаў Беларусі і Кітая, якая адбылася ў знешнепалітычным ведамстве, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе Мінэканомікі.
Год рэгіёнаў Беларусі і Кітая з'яўляецца трэцім тэматычным годам паміж краінамі. У 2018 годзе прайшоў Год турызму, у 2019 годзе - Год адукацыі.
"У рамках гэтай ініцыятывы ў бліжэйшыя некалькі гадоў правядзём больш за сотню мерапрыемстваў. Тым самым пасадзейнічаем замацаванню адносін рэгіёнаў дзвюх краін, інтэнсіфікацыі міжрэгіянальных кантактаў, што, безумоўна, умацуе фундамент нашага супрацоўніцтва і дружбы. Кітайскія кампаніі паспяхова вядуць бізнес у Беларусі, рэалізаваўшы ў мінулым годзе больш за паўсотню інвестыцыйных праектаў. Разам з тым нам ёсць куды расці, патэнцыял не вычарпаны. І міжрэгіянальнае супрацоўніцтва абласцей Беларусі і правінцый Кітая - неабходная ўмова для далейшага нарошчвання нашага інвестыцыйнага ўзаемадзеяння", - адзначыла Анжаліка Нікіціна.
Намеснік міністра замежных спраў Беларусі Мікалай Барысевіч і Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Кітая ў Беларусі Се Сяаюн абмяняліся афіцыйнымі нотамі міністэрстваў замежных спраў, якія сведчаць аб афіцыйным пачатку Года рэгіёнаў, а таксама ўступленні ў дзеянне плана мерапрыемстваў па яго рэалізацыі.