26 лістапада, Ісламабад /Кар. БЕЛТА/. У беларускіх прадпрыемстваў ёсць сур'ёзныя напрацоўкі па пастаўках у Пакістан грузавой, кар'ернай і дарожнабудаўнічай тэхнікі, камунальных машын. Аб гэтым паведаміў журналістам міністр прамысловасці Аляксандр Яфімаў у кулуарах перагавораў Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі і прэм'ер-міністра Пакістана Шахбаза Шарыфа ў Ісламабадзе, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Паводле слоў Аляксандра Яфімава, перад Мінпрамам пастаўлены сур'ёзныя задачы. Першарадная з іх - забяспечыць на працягу двух тыдняў візіт пакістанскай дэлегацыі ў Беларусь і дэталёва адпрацаваць усе напрамкі, якія маюць узаемны інтарэс. Да студзеня бакі маюць намер выйсці на падпісанне канкрэтных кантрактаў і пагадненняў.
"У час візіту прадпрыемствы сістэмы Міністэрства прамысловасці правялі даволі сур'ёзную работу і выйшлі на падпісанне значных кантрактаў. У нашых планах арганізацыя дзвюх зборачных вытворчасцей па трактарнай тэматыцы. Гэта будзе мадэльны рад да 60 к.с. і звыш 100 к.с., якія вельмі запатрабаваны на рынку Пакістана", - расказаў міністр.
У той жа час ён заўважыў, што сам па сабе трактар - гэта проста сродак для правядзення палявых работ. "Мы дамовіліся ісці далей і прапанавалі пакістанскім партнёрам арганізаваць сумеснае прадпрыемства па вытворчасці прычапных, навясных сельскагаспадарчых машын, якія ў комплексе дадуць магчымасць выконваць увесь спектр тэхналагічных работ", - растлумачыў Аляксандр Яфімаў.
Акрамя таго, ёсць значныя напрацоўкі па пастаўках грузавой, кар'ернай і дарожнабудаўнічай тэхнікі, камунальных машын. "Падпісана пагадненне аб пачатку зборачнай вытворчасці беларускіх рухавікоў для зборачных прадпрыемстваў па трактарах і пастаўцы на другасны рынак Пакістана. Разам са мной працуюць каля дзесяці прадпрыемстваў нашай сістэмы. Кожнае з іх атрымала амбіцыйную задачу знайсці партнёра", - падкрэсліў міністр.
Вялікая цікавасць у Пакістана і да пасажырскай тэхнікі, асабліва да беларускіх электробусаў. Пакістан плануе з часам замясціць пасажырскі транспарт з рухавікамі ўнутранага згарання экалагічна чыстым транспартам. "У гэтай частцы мы можам прапаноўваць не толькі пасажырскую тэматыку ў электравыкананні, але і сетку зараднай інфраструктуры, арганізаванай па прынцыпе "разумны горад", - дадаў Аляксандр Яфімаў.