Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Каляды і Новы год у Беларусі
Бізнес
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Бізнес | Бізнес-навіны

Бізнес-навіны

23 Сак 2022

Інавацыйныя тэхналогіі, ІТ і медыцына: Індыя і Гомельская вобласць гатовы развіваць новыя сферы

Інавацыйныя тэхналогіі, ІТ і медыцына: Індыя і Гомельская вобласць гатовы развіваць новыя сферы
Фота з архiва

23 сакавіка, Гомель /Кар. БЕЛТА/. Інавацыйныя тэхналогіі, ІТ-сфера і медыцына могуць стаць новымі напрамкамі развіцця ўзаемадзеяння Індыі і Гомельскай вобласці, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Размова аб дадатковых імпульсах развіцця ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва ішла на сустрэчы старшыні Гомельскага аблвыканкама Івана Крупко з Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Рэспублікі Індыя ў Рэспубліцы Беларусь Алокам Ранджанам Джа. Бакі з аднолькавым інтарэсам настроены на далейшае ўмацаванне існуючых сувязей па розных галінах, а таксама развіццё адносін у новых сферах. У якасці асноўных названы інавацыйныя тэхналогіі, ІТ-сфера, медыцынскае абсталяванне.

У гэтым годзе Беларусь і Індыя адзначаюць 30-годдзе з моманту ўстанаўлення дыпламатычных сувязей паміж краінамі. Таксама гэта знакавы для Індыі год - 75 гадоў незалежнасці краіны. "Гэта дае дадатковы імпульс для ўмацавання адносін у розных сферах", - сказаў спадар Джа.

Як расказаў Іван Крупко, развіццё паміж паўднёва-ўсходнім рэгіёнам Беларусі і Індыяй ідзе па ўзыходнай, аднак патэнцыял узаемадзеяння намнога вышэйшы. І стабілізацыя эпідэміялагічнай абстаноўкі ў свеце дасць магчымасць нарасціць колькасць сустрэч, перагавораў, сумесных праектаў. У прыватнасці, акрэслена тэма аднаўлення вытворчасці камбайнаў для Індыі, іншых вытворчасцей.

З 2018 года тэмп тавараабароту вырас больш як у два разы. У 2021 годзе гэты паказчык склаў 508,4 працэнта. У Індыі запатрабавана такая прадукцыя прамсектара Гомельскай вобласці, як цэлюлоза, лесаматэрыялы, апаратура для кіравання электрычным токам, вырабы з каменю. У рэгіён пастаўляюць індыйскія ніці, лекавыя сродкі, абсталяванне для тэрмічнай апрацоўкі, вырабы з чорных металаў.

За апошнія гады Індыя значна рушыла наперад у развіцці, адзначыў губернатар. "Беларусы ведаюць і адчуваюць Індыю, добра ставяцца да краіны. Думаю, сумесныя праекты дадуць магчымасць нам яшчэ лепш пазнаваць адзін аднаго, бізнесу знайсці агульныя інтарэсы і напрамкі для развіцця на розных узроўнях", - падкрэсліў Іван Крупко.

Персанальную ўдзячнасць спадар Джа выказаў за створаныя ўмовы пражывання і навучання для студэнтаў з Індыі. Паводле яго слоў, яны адчуваюць сябе як дома. 290 студэнтаў з Індыі цяпер вучацца ў Гомельскім дзяржаўным медыцынскім універсітэце. Першы выпускнік, грамадзянін Індыі, закончыў універсітэт у 2005 годзе. З 2005 па 2021 год дыпломы гомельскай ВНУ атрымалі 178 індыйскіх студэнтаў. У 2022 годзе выпуск складзе 51 чалавек. Таксама наладжана супрацоўніцтва з Гомельскім дзяржаўным універсітэтам імя Францыска Скарыны. Вялікі вопыт і патэнцыял у галіне акадэмічнага абмену.

Пасол падкрэсліў, што Індыя гатова да супрацоўніцтва па розных напрамках. І Гомельская вобласць, як тэрыторыя з развітым прамысловым, культурным і адукацыйным патэнцыялам, - асноўны напрамак у Беларусі. На яе робіцца вялікая стаўка, удакладніў ён.

У праграме двухдзённага візіту - наведванне такіх прамысловых прадпрыемстваў, як ТАА "Міртэк-Інжынірынг", ААТ "Гомсельмаш", сустрэча з адміністрацыяй СЭЗ "Гомель-Ратон".

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі