21 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Навацыі, закладзеныя ў праекце Мытнага кодэкса Еўразійскага эканамічнага саюза, які ў бліжэйшым будучым можа змяніць дзеючы Мытны кодэкс Мытнага саюза, стануць асноўнай тэмай 6-й міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі "Ад Мытнага саюза да Еўразійскага эканамічнага саюза: сучаснасць і перспектывы", што адбудзецца 17 верасня ў Мінску, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе Дзяржаўнага мытнага камітэта Беларусі.
"Удзельнікі канферэнцыі змогуць атрымаць дакладную інфармацыю аб прынцыповых момантах, якія змешчаны ў Мытным кодэксе ЕАЭС", - запэўнілі ў ДМК. У прыватнасці, размова ідзе аб укараненні стапрацэнтнага электроннага дэкларавання і беспапяровых тэхналогій пры ажыццяўленні мытных аперацый; магчымасці ажыццяўлення мытных аперацый аўтаматычна: рашэнне аб выпуску тавараў і правядзенне іншых працэдур будзе прымацца не інспектарам мытнай службы, а інфармацыйнай сістэмай; падачы мытнай дэкларацыі без прадастаўлення тых дакументаў, на падставе якіх яна запоўнена; удасканаленні інстытута ўпаўнаважаных эканамічных аператараў. Асаблівая ўвага будзе ўдзелена практычным пытанням, якія ўзнікаюць пры ажыццяўленні знешнеэканамічнай дзейнасці.
"Канферэнцыя стане месцам сустрэчы і актыўнага абмену вопытам спецыялістаў з розных краін. У канферэнцыі плануецца ўдзел кіраўнікоў мытных службаў замежных дзяржаў, прадстаўнікоў Еўразійскай эканамічнай камісіі, Сусветнай мытнай арганізацыі, навуковых колаў і бізнес-супольнасці", - адзначылі ў прэс-службе.