2 лістапада, Гомель /Кар. БЕЛТА/. IV Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя "Інавацыйныя тэхналогіі ў аграпрамысловым комплексе: сёння і заўтра" пройдзе ў ААТ "Гомсельмаш" 4 лістапада, паведамілі БЕЛТА на прадпрыемстве.
Форум накіраваны на пашырэнне навукова-тэхнічнага супрацоўніцтва ў частцы праектавання і пастаноўкі на вытворчасць інавацыйнай канкурэнтаздольнай тэхнікі для патрэб сельскай гаспадаркі. У час канферэнцыі шырокаму колу спецыялістаў будуць прадэманстраваны дасягненні сучаснага аграпрамысловага машынабудавання, што пасадзейнічае пашырэнню экспартнага патэнцыялу прадпрыемстваў Беларусі.
Прадугледжана шэсць асноўных тэматычных напрамкаў. У сваіх работах удзельнікі адлюструюць стан, тэндэнцыі і напрамкі развіцця сельскагаспадарчага машынабудавання ў галіне стварэння машын для ўборкі збожжавых культур, кармоў, караняклубняплодаў, трактароў і мабільных энергетычных сродкаў. Будзе абагульнены таксама перадавы вопыт і сучасныя метады праектавання і даследаванняў сельскагаспадарчых машын.
Удзельнікі раскажуць таксама аб новых матэрыялах і тэхналогіях у галіне, метадах павышэння канкурэнтаздольнасці агратэхнікі, яе надзейнасці і бяспекі. Асобны блок матэрыялаў прысвечаны кааперацыйнаму супрацоўніцтву з сусветнымі кампаніямі ў галіне сельгасмашынабудавання.
Прадаўжаецца рэгістрацыя ўдзельнікаў. Прынятыя аргкамітэтам матэрыялы будуць выдадзены асобным зборнікам пасля работы канферэнцыі, таксама па рашэнні навукова-праграмнага камітэта канферэнцыі навуковыя артыкулы будуць апублікаваны ў спецыялізаваных часопісах.
Арганізатарамі міжнароднага форуму выступаюць ААТ "Гомсельмш" і Міністэрства прамысловасці Беларусі.