11 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Экспазіцыя Made in Belarus будзе прадстаўлена на 26-й Міжнароднай спецыялізаванай будаўнічай выстаўцы BakuBuild, якая пройдзе з 20 па 22 кастрычніка ў азербайджанскай сталіцы. Аб гэтым паведамляе БЕЛТА са спасылкай на сайт выставачнага прадпрыемства "Белінтэрэкспа" Беларускай гандлёва-прамысловай палаты.
У мерапрыемстве прымуць удзел пяць кампаній з Беларусі, якія прадэманструюць прадукцыю і паслугі, неабходныя для развіцця будаўнічай галіны ў Азербайджане. У прыватнасці, кампанія "Энергакамплект" прадставіць на выстаўцы кабельную прадукцыю і правады рознай спецыфікацыі. Прадпрыемствы вытворчага аб'яднання "Белэнерга" - "Белэнергарамналадка" і "Белэлектрамантажналадка" прадэманструюць тэхналогіі для забеспячэння надзейнай і эканамічнай работы аб'ектаў энергетыкі, вымяральную тэхніку, сродкі аўтаматызацыі, вакуумныя выключальнікі і іншае абсталяванне.
Навукова-вытворчае таварыства "ОКБ ТСП" прапануе ўласную інавацыйную тэхналогію ўзвядзення арачных канструкцый для аб'ектаў рознага прызначэння, распрацаваную спецыялістамі кампаніі "Спецмашынабудаванне", якая ўваходзіць у склад "ОКБ ТСП". З выкарыстаннем такой тэхналогіі кампанія пабудавала ўжо 19 прамысловых будынкаў у Азербайджане.
ААТ "Белгазбуд" - кіруючая кампанія холдынга" прэзентуе паслугі па будаўніцтве і мантажы інжынернай, транспартнай, магістральнай інфраструктуры. "Прадпрыемства прымае ўдзел у выстаўцы ў дыстанцыйным фармаце. У гэтым выпадку азербайджанскія наведвальнікі пры зацікаўленасці ў паслугах або прадукцыі канкрэтнай кампаніі змогуць правесці перагаворы з яе прадстаўнікамі з дапамогай відэасувязі. Гэта дасць магчымасць устанавіць прамы кантакт і прадметна дамовіцца аб супрацоўніцтве і пастаўках", - расказалі ў выставачнай кампаніі.
Паводле інфармацыі "Белінтэрэкспа", арганізацыі будаўнічага комплексу Беларусі за першы квартал 2021 года паставілі ў Азербайджан прадукцыі на суму большую за $3,5 млн. Гэта ў 2,2 раза больш у параўнанні з аналагічным перыядам 2020 года. Аснову экспарту арганізацый айчыннай будгаліны ў Азербайджан у гэты перыяд склалі жалезабетонныя канструкцыі і металаканструкцыі, абсталяванне і запчасткі. Таксама ў Азербайджане высокі попыт на беларускі хрусталь, з яго вырабляецца від нацыянальных шклянак - армуды.
"Будаўнічая сфера Азербайджана ўяўляе значны інтарэс для беларускіх кампаній. Гэты сектар займае другое месца пасля нафтавага па аб'ёме інвестыцый дзяржавы. Акрамя таго, у краіне высокі попыт на распілаваныя лесаматэрыялы, а для прадпрыемстваў галіны прадугледжаны спрошчаны падатак. Таксама Азербайджан з'яўляецца выгадным напрамкам з пункту гледжання рээкспарту тавараў і займае асаблівае месца ў глабальным лагістычным праекце Кітая "Пояс і шлях". Дзякуючы чыгунцы Баку - Тбілісі - Карс, пабудаванай у 2017 годзе, тэрміны дастаўкі грузаў з Кітая ў Еўропу і назад праз Азербайджан змяншаюцца ў два разы ў параўнанні з марскімі перавозкамі. Па ёй штогод плануецца перавозіць больш за 17 млн т грузаў", - адзначылі ў кампаніі. Спецыялісты "Белінтэрэкспа" дадалі, што такія магчымасці садзейнічаюць пашырэнню тавараў з Еўропы ў краінах Цэнтральнай Азіі - Туркменістане, Казахстане, Узбекістане, Кыргызстане, Таджыкістане, а таксама Афганістане.
"Чакаецца, што беларускія кампаніі па выніках удзелу ў выстаўцы BakuBuild прымуць удзел у праектаванні населеных пунктаў і рэканструкцыі транспартнай інфраструктуры на тэрыторыі Азербайджана", - рэзюмавалі на прадпрыемстве.
Выстаўка BakuBuild - буйнейшая спецыялізаваная пляцоўка Азербайджана ў будаўнічай сферы. У 2019 годзе яна сабрала 225 кампаній з 19 краін, уключаючы Германію, Расію, ЗША, Турцыю, Кітай, Турцыю, Украіну. Мерапрыемства праходзіць пры падтрымцы Міністэрства эканомікі Азербайджана, Агенцтва развіцця малога і сярэдняга бізнесу, Дзяржаўнага камітэта па архітэктуры і горадабудаўніцтве і шэрага іншых ведамстваў і кампаній.
Экспазіцыя Made in Belarus на выстаўцы BakuBuild арганізавана выставачным прадпрыемствам "Белінтэрэкспа" Беларускай гандлёва-прамысловай палаты пры падтрымцы пасольства Беларусі ў Азербайджане.