15 мая, Баку /Кар. БЕЛТА/. Нацыянальны павільён Беларусі адкрыўся на азербайджанскіх міжнародных выстаўках "Сельская гаспадарка" (Caspian Agro) і "Харчовая прамысловасць" (Interfood Azerbaijan), якія праходзяць 15-17 мая ў Баку, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
Caspian Agro і Interfood Azerbaijan - гэта буйнейшыя сельскагаспадарчыя выстаўкі на Каўказе. На гэты раз яны аб'ядналі каля 500 кампаній з 38 краін. Беларусь прадстаўляе тут сваю прадукцыю пяты год запар ужо. Усяго ж свае нацыянальныя павільёны прадставілі 15 дзяржаў.
Як адзначыў у час адкрыцця форуму намеснік прэм'ер-міністра Ігар Петрышэнка, у Баку прыехалі звыш 40 беларускіх кампаній. Яны прадстаўлюць мясную, малочную, кандытарскую, рыбную, алкагольную прадукцыю і іншыя віды прадуктаў харчавання, а таксама ўгнаенні, хімікаты для апрацоўкі раслін, ветэрынарныя прэпараты.
"Узаемны гандаль Беларусі і Азербайджана харчовымі таварамі інтэнсіўна развіваецца і ўносіць істотны ўклад у забеспячэнне харчовай бяспекі дзвюх краін, - падкрэсліў Ігар Петрышэнка. - Сёння беларускія прадукты можна купіць у любым сеткавым супермаркеце Азербайджана, а таксама ў шасці спецыялізаваных магазінах, якія працуюць у Баку пад брэндам "Беларускі". Спадзяёмся, што магазіны беларускіх прадуктаў у хуткім часе з'явяцца і ў іншых гарадах Азербайджана".
На адкрытай пляцоўцы Caspian Agro прадстаўлена шырокая наменклатура беларускай сельскагаспадарчай тэхнікі і шыннай прадукцыі. Дзякуючы сваёй даступнасці, цане і якасці яна карыстаецца папулярнасцю як у буйных аграхолдынгах Азербайджана, так і ў фермераў. "Сёння 70 працэнтаў трактароў, якія працуюць у Азербайджане, маюць імя Belarus", - заўважыў віцэ-прэм'ер.
Паводле слоў старшыні Беларускай гандлёва-прамысловай палаты Міхаіла Мятлікава, у бягучым годзе павільён Беларусі сярод іншых нацыянальных стэндаў самы буйны. "Ён займае амаль 300 квадратных метраў. На нашых стэндах прадстаўлены і прадукты харчавання, і сельгасмашынабудаванне, і, вядома, нафтахімія, у тым ліку ўгнаенні, якія выкарыстоўваюцца ў сельскай гаспадарцы", - расказаў ён.
Удзел у Caspian Agro і Interfood Azerbaijan дазваляе беларускім прадпрыемствам прадэманстраваць сваю прадукцыю не толькі жыхарам Азербайджана, але і прадстаўнікам многіх іншых дзяржаў. За гады ўдзелу сваю прадукцыю на выстаўках прэзентавалі больш за дзвесце беларускіх кампаній. Тут яны знайшлі сваіх партнёраў і паспяхова супрацоўнічаюць з імі.
"У мінулым годзе было 15 тыс. наведвальнікаў, якія прадстаўлялі 38 краін свету, значыць гэта не толькі магчымасць прадставіць сябе ў Азербайджане - гэта магчымасць прадставіць сябе і іншым краінам свету, якія, напрыклад, не даехалі на нашу "Белагра", - адзначыў старшыня БелГПП.