23 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Праўленне Нацыянальнага банка Беларусі прыняло рашэнне аб зніжэнні з 13 верасня стаўкі рэфінансавання з 12 працэнтаў да 11,5 працэнта гадавых, паведамілі БЕЛТА ва ўпраўленні інфармацыі і грамадскіх сувязей Нацбанка.
Стаўкі па пастаянна даступных і двухбаковых аперацыях падтрымкі ліквіднасці банкаў знізяцца з 14 працэнтаў да 13 працэнтаў гадавых.
Фактычная інфляцыя прадаўжае змяншацца. У жніўні 2017 года ў гадавым выражэнні прырост спажывецкіх цэн ацэньваецца на ўзроўні крыху ніжэйшым за 6 працэнтаў, базавая інфляцыя - каля 5 працэнтаў у гадавым выражэнні.
Знаходжанне на працягу доўгага часу тэмпаў прыросту спажывецкіх цэн у вузкім дыяпазоне (6-6,5 працэнта) адлюстроўвае ўстойлівасць працэсаў запаволення інфляцыі і даволі высокую верагоднасць яе захавання на такім узроўні ў бліжэйшыя месяцы. Пры гэтым значных рызык для паскарэння росту цэн з боку манетарных фактараў, а таксама плацежнага балансу і валютнага рынку ў сярэднетэрміновай перспектыве не прасочваецца.
Тэмпы росту грашовага прапанавання застаюцца ўмеранымі (прырост сярэдняй шырокай грашовай масы ў ліпені 2017 года ў гадавым выражэнні склаў 7,8 працэнта) і адпавядаюць попыту эканомікі на грошы на фоне аднаўлення дзелавой актыўнасці (валавы ўнутраны прадукт за студзень-ліпень вырас на 1,1 працэнта).
Паляпшэнне сальда знешняга гандлю (за студзень-чэрвень склалася на ўзроўні $0,4 млрд) і збалансаванасці плацежнага балансу садзейнічае захаванню на валютным рынку чыстага прапанавання замежнай валюты і падтрыманню стабільнасці абменнага курса беларускага рубля.
У цэлым чакаецца, што па выніках 2017 года прырост спажывецкіх цэн не перавысіць 7 працэнтаў. Магчымасці далейшага паступальнага зніжэння працэнтных ставак у эканоміцы будуць вызначацца верагоднасцю і велічынёй рэалізацыі інфляцыйных рызык, стрымліваючых дасягненне сярэднетэрміновай мэты па інфляцыі (не больш за 5 працэнтаў у 2020 годзе).
Стаўка рэфінансавання зніжаецца ў Беларусі сёмы раз з пачатку года. Так, з 18 студзеня яна знізілася з 18 працэнтаў да 17 працэнтаў гадавых, з 15 лютага - да 16 працэнтаў гадавых, з 15 сакавіка - да 15 працэнтаў гадавых, з 19 красавіка - да 14 працэнтаў гадавых, з 14 чэрвеня - да 13 працэнтаў гадавых, з 19 ліпеня - да 12 працэнтаў гадавых.