13 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прадпрыемствы сістэмы Міністэрства прамысловасці Беларусі на палях міжнароднай прамысловай выстаўкі ІНАПРАМ у Екацярынбургу, паводле папярэдніх падлікаў, падпісалі дакументы на суму каля $240 млн. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе Мінпрама.
Вынікі ўдзелу прадпрыемстваў Мінпрама ў буйнейшым прамысловым форуме значна перасягнулі чаканні. Падпісаны пагадненні, мемарандумы, кантракты па шырокім спектры напрамкаў супрацоўніцтва з рэгіёнамі Расіі - па пастаўках прадукцыі, камплектуючых, арганізацыі зборачных вытворчасцей, рэалізацыі інвестыцыйных праектаў, тэхнічнай мадэрнізацыі, навукова-тэхнічным супрацоўніцтве і інш.
На ІНАПРАМе былі прадстаўлены 45 прадпрыемстваў Мінпрама. 6 прадпрыемстваў (МАЗ, "Белкамунмаш", "АМКАДОР", "Гомсельмаш", МТЗ, БЕЛАЗ) былі прадстаўлены асобнымі стэндамі, на якіх экспанавалася 21 адзінка натуральных узораў тэхнікі. Аб'яднаны стэнд станкабудаўнічых прадпрыемстваў уключаў 17 станкабудаўнічых арганізацый. 21 прадпрыемства Мінпрама ("Магілёўліфтмаш", МЭТЗ імя В.І.Казлова, ММЗ, БМЗ, "Інтэграл", ММЗ імя С.І.Вавілава, БАТЭ і інш.) было прадстаўлена на аб'яднаным стэндзе прамысловых прадпрыемстваў з экспанаваннем узораў прадукцыі.
Стэнды прадпрыемстваў Мінпрама выклікалі вялікую цікавасць і ажыятаж сярод наведвальнікаў выстаўкі: штодзённа на кожнай з пляцовак праходзіла да 50 дзелавых сустрэч і стратэгічных перагавораў.
Форум прынёс беларускім і расійскім прамыслоўцам новыя бізнес-кантакты. У цэлым рэалізацыя падпісаных на форуме дакументаў будзе садзейнічаць паглыбленню практычнага супрацоўніцтва, дынаміцы гандлёвых адносін і падтрымцы праектаў кааперацыі вядучых прадпрыемстваў дзвюх краін.